«Раніцай абвясьцілі збор сродкаў, да абеду паступілі першыя грошы, а ўвечары MolaMola заблякавалі», — рамесьнік Сяргей Бандарэнка расказвае, як атака сілавікоў на «Белгазпрамбанк» прыпыніла будоўлю ягонага замка.
Эканамічны спад, зьвязаны з пандэміяй каранавірусу, закрануў галіны людзкой дзейнасьці, якая ня мае крытычнай важнасьці для штодзённага існаваньня. Перадусім — культуру, мастацтва, рамёствы.
Каранавірус ня даў пачацца сэзону
Некалькі гадоў таму жыхар вёскі Чухны побач з Крэвам на Смаргоншчыне ўзяўся за амбітны праект — паставіць на агародзе дакладную копію (прапорцыя 1:10) легендарнага замка, дзе падпісвалася дынастычная ўнія ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Каб набыць матэрыялы, прадаваў зробленыя сваімі рукамі сувэніры з гліны, дрэва, мэталу. Да хэндмэйду далучыліся жонка Марына, дочкі Наста і Аксана.
Пачалі зазіраць цікаўныя турысты. Пачуўшы пра незвычайную будоўлю, набывалі скульптуркі, упрыгожаньні, выявы «Пагоні». Усё гэта таксама можна пабачыць пад паветкай, якую ў выходныя Бандарэнкі ставяць ля замка ў Крэве. Большая частка прыбытку інвэстуецца ў будоўлю на падворку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гігант і карузьлік. Вольны мастак за ўласныя сродкі робіць копію Крэўскага замка«Вытворчае кола» замкнулася разам з распаўсюдам COVID-19. Давялося пайсьці на скрайнюю меру — прасіць дапамогі ў неабыякавых людзей. Як выявілася, ня ў самы ўдалы час.
«Натуральна, каранавірус паўплываў. Але ня толькі. Умяшалася і палітыка. Мы летам працуем, нешта адкладаем на зіму. Да вясны падышлі з жонкай са 100 далярамі ў кішэні. Спадзяваліся, што вось-вось пачнецца сэзон. 20 лютага прыйшоў першы аўтобус, узрадаваліся. Я набыў крыху матэрыялу для будоўлі, каб было на пачатак. Але на гэтым усё і скончылася. Сакавік, красавік, травень адседзелі без аніякага прыходу, турыстычная актыўнасьць сышла на нуль. Урэшце вырашылі папрасіць дапамогі на будаўнічыя выдаткі на пляцоўцы MolaMola».
Краўдфандынг завяршыўся форс-мажорам
Як кажа Сяргей, менш за ўсё хацелася напружваць людзей, бо фінансавы стан пагоршыўся ва ўсіх. Пакуль вагаліся, MolaMola стала ахвярай выбарчай кампаніі. «Белгазпрамбанк», якім 20 гадоў кіраваў адзін з прэтэндэнтаў на вышэйшую пасаду Віктар Бабарыка, трапіў у сфэру інтарэсаў Камітэту дзяржкантролю.
Спачатку затрымалі топ-мэнэджараў, а затым і былога шэфа. Дзейнасьць краўдфандынгавай плятформы, якой апекаваўся ягоны сын Эдуард, заблякавала новая «антыкрызісная» адміністрацыя. Сам малады чалавек цяпер таксама за кратамі.
«Атрымалася як? Раніцай 12 чэрвеня мы стартавалі, да абеду ўпала 215 рублёў, а ўвечары чытаю, што MolaMola заблякавалі. Фактычна для нас усё скончылася за паўдня. Гэта яшчэ падфарціла, што ўдалося хоць тыя грошы абнаявіць — з улікам камісіі нам пералічылі 197 рублёў. 20-тонная машына камянёў каштуе 120 рублёў, дадаў яшчэ адкладзенае ад сувэніраў, замовіў адразу дзьве. Прынамсі хоць на нейкі час матэрыял, каб не было прастою. Так разумею, што сумы, якія даходзілі пасьля, замарожаныя. Адчуваньне, што якраз пад нас зачынілі — толькі паспрабавалі, і маеш...»
Няўдалы досьвед талакі астудзіў імпэт. Цяпер Сяргей зноў разьлічвае на свае сілы ды аднаўленьне турыстычнай актыўнасьці. Аднаго вядомага земляка ўдалося застаць на падворку. Паэт Уладзімер Някляеў падчас кожнай паездкі на радзіму загружае багажнік камянёў для Крэўскага замка — хутка дойдзе да самых «вышчарбленых» муроў, будматэрыялу бракуе. І заадно заяжджае зірнуць, на якой стадыі Сяргеева дзецішча ў Чухнах.
«Усё ж ёсьць спадзеў, што паступова нармалізуецца. Я нават ня маю на ўвазе аднаўленьне збору сродкаў на MolaMola. Туды зьвярнуліся, як той казаў, зь перапуду: адзін месяц па нулях, другі, трэці. Нейкае тупіковае становішча. Дзеля справядлівасьці, нам і раней людзі казалі: чаму не паспрабуеце краўдфандынг? Шчыра кажучы, сорамна стаяць з працягнутай рукой. Дый адна бабка мне нашаптала — маўляў, за свае грошы ўсё зробіш, не хвалюйся. Відаць, справу задумаў маштабную, аднаасобна і бяз сталага прыбытку выцягнуць складана».
Падступная хвароба вымушае засьцерагацца
Вярнуцца да звыклага графіку ня так лёгка. На каранавірус перахварэла ў Польшчы дачка. А вось госьці здалёк паводзяць сябе досыць безадказна.
«У дачкі від на жыхарства, вучыцца ў Торуні і падпрацоўвае ў рэстаране. Там і набралася. 17 дзён жорсткага карантыну, добра, што абышлося. Дадому ня клічам, яшчэ невядома, якім бокам у нас усё вылезе. Пакуль хварэла, былі ў дэпрэсіўным стане. І за дзіця боязна, і за сябе. Нават напісалі аб’яву, што вялікія групы не прымаем, не да таго. Тым больш, ніякай уцямнай інфармацыі. Былі ў Крэве, праехала машына, усе ў „скафандрах“. Куды, па каго? Ля аўталаўкі да жонкі падышла жанчына, паказала на іншую — маўляў, прыехала зь Менску, хворая. Як можна?»
Сяргей Бандарэнка расказвае, што, нягледзячы на браваду асобных кіраўнікоў краіны, жыхары Чухнаў засьцерагаюцца, стараюцца не рызыкаваць.
«Пераважна ў масках ходзім, хіба паміж сабой можам расслабіцца. Мы ж ня ведаем, зь якой эпідэміялягічнай зоны людзі прыяжджаюць, прапіскі не пытаемся, — кажа Сяргей Бандарэнка. — На выходныя, здараецца, ужо і па 5 машын пад плот прыедзе — для нас дзіва, што пасажыры ў асноўным бяз масак. Не баяцца, халера... Але калі ўвесь сьвет сурʼёзна да каранавірусу ставіцца, то і нам ня трэба бравіраваць. Нават тэст не дае рэальнай засьцярогі: сёньня нічога не паказвае, а заўтра ўжо падхапіў. Падступная хвароба, трэба засьцерагацца».
Каранавірусныя наступствы, прыпраўленыя палітыкай, выклікаюць нежартоўныя спрэчкі ў вясковым «істэблішмэнце». Сяргей Бандарэнка лічыць сытуацыю не такой відавочнай, як можа падацца. Бо насамрэч выбар ня толькі паміж дыктатурай і дэмакратыяй.
«З аднаго боку, чалавек кіруе больш за 25 гадоў — хто будзе задаволены? Зь іншага, ёсьць ускосныя сьведчаньні: за некаторымі канкурэнтамі цягнецца шлейф Масквы. Дзе гарантыя, што не здадуць? Таму пакуль сачу за дзеяньнямі, як сябе будуць паводзіць ЗША, Эўразьвяз. Прыехаў Пампэо, сказаў, што будзе вам і нафта, і газ. А гэта сыравінная бясьпека, дыстанцыяваньне ад Расеі. Калі паглядзець сацсеткі, многія апынуліся на раздарожжы: усё ж беларускі дыктатар ці прамаскоўскі „акупатар“? Падводны камяні пакуль палохаюць...»
Закальцаванасьць фінансавага лябірынту
Са Смаргоняў сем гадоў таму іх выштурхнула экалёгія. Жылі ў мікрараёне трактаразаводцаў у Каранях, недалёка будавалі дамок. Але калі паставілі завод «Кранаспан», суіснаваць стала немагчыма. Знайшлі варыянт у Чухнах, побач зь гістарычнай мясьцінай, 15 хвілін пехатой. Але доўгі час суседзтва выклікала толькі роспач: замак у Крэве развальваўся, ператвараючыся ў каменны друз. Тады паўстала ідэя зрабіць копію на ўласным агародзе.
Паралельна Сяргей Бандарэнка намагаецца абкультурыць прылеглую тэрыторыю. Раней у гэтым доме жыў лясьнік, абыходзіўся сваім надзелам. Новыя гаспадары замахнуліся на безгаспадарную зямлю: было 25 сотак, стала ў чатыры разы больш.
Пачаў будаваць лябірынт. Сьляды такіх мудрагелістых пабудоваў засталіся паўсюль: Скандынавія, Тыбэт, Эгіпет, землі паўночнаамэрыканскіх індзейцаў. Лябірынт 50-мэтровага дыямэтру зьявіцца і ў Чухнах. Пачаў звозіць валуны, ратуючы іх ад прамысловага перамолваньня. Трапляюцца ўнікальныя экзэмпляры: напрыклад, агромністая пліта са стокам для ахвяраваньняў. Але з улікам значных выдаткаў працэс ня шпаркі.
«З замкам прасьцей: крыху на сувэнірах зарабіў — вывеў частку сьцяны, пакрыў дах. Патрабуюцца ня столькі вялікія сродкі, колькі шмат часу. А што да лябірынту, то ўкладаньні іншага парадку. Пад 200 тон адной толькі ПГС (пяшчана-гравійная сумесь. — РС), 4–5 машын камянёў, якія цяпер у Крэва на замак возяць, і яшчэ не хапае штук 20 валуноў пад 2 тоны вагой кожны. На ўсё трэба грошы, задарма ніхто не прывязе. Тым часам газонакасілка зламалася, а тэрыторыя такая, што ручной касой не ўпарадкуеш. Трэба рамантаваць. Карацей, чапляецца адно за адно...»
Сыравіну для будоўлі Сяргей выкарыстоўвае аналягічную той, што была 700 гадоў таму, калі закладалі знакамітую на ўсю Эўропу фартэцыю. Камень для муроў звозіць з навакольных палёў, мікрацаглінкі штампуе зь мясцовай гліны. Інтэгруе ў кладку і аўтэнтычныя матэрыялы, знойдзеныя сярод будаўнічага друзу ў Крэве і Гальшанах.
Думаючы, што дом Бандарэнкаў — гэта склад «дзіўнай непатрэбшчыны», цягнуць усялякае дабро суседзі: ад ржавых гільзаў і фрагмэнтаў гарматаў часоў Першай усясьветнай вайны да сячкарняў і косаў.
Як ствараецца прыватны «замак на гародзе»
Архітэктурнае збудаваньне паступова атрымала пазнавальныя абрысы. Каменныя муры, дзьве вежы, байніцы, вокны, галерэі. Некаторым карціць пахваліцца «прыцэлам»: маўляў, сьцяна няроўная. Аднак 10-градусны злом быў адпачатку. Калі ідэя толькі акрэсьлівалася, трэба было ўсё афармляць афіцыйна, аж да чарцяжоў. Таму праект на падставе аэраздымкаў: пэрымэтар, градусы як у старых дойлідаў, толькі маштаб сьціплейшы.
Некаторыя элемэнты ўсё ж даводзіцца дадумваць. Напрыклад, меншая вежа, пра якую сьведчаньняў не захавалася. Як і форма дахаў, у тым ліку і Княскай вежы. Зрэшты, нават рэканструктары на аб’екце ў Крэве не хаваюць: шмат што будзе дамысьлена.
Калі галоўны хранікёр беларускай архітэктуры Напалеон Орда рабіў крэўскія замалёўкі, замак ужо стаяў у руінах. Таму рэканструктарам нічога не застаецца, як абапірацца на гістарычныя тэндэнцыі — як выглядалі падобныя аб’екты таго часу. Найпершыя характэрныя адметнасьці дойлідзтва XIІI—XIV стагодзьдзяў — камень і чырвоная цэгла. У пазьнейшы час іх атынкоўвалі, але прыродны камень і крэўскую гліну нічым не заменіш, лічыць Сяргей Бандарэнка.
Пасьля дзесяцігодзьдзяў цішыні сёньня і на крэўскіх мурах назіраецца актыўнасьць: закансэрвавалі Княскую вежу, пачалі вяртаць каменьне ў вышчарбленую кладку. Пасьля гадавой паўзы зноў вярнулася будаўнічая тэхніка. Самазвалы і дабрадзеі падвозяць камяні.
Але пакуль ратуюць адзін бок, імкліва завальваецца іншы. Дзейнасьць па ўсім фронце вымагае істотных капіталаўкладаньняў. А іх бракуе — што ў Крэве, што ў Чухнах.