Жыхара Старых Дарог Аляксандра Арановіча асудзілі за дробнае хуліганства і непадпарадкаваньне міліцыі на 10 сутак арышту. Вырак вынес суд Ленінскага раёну Горадні 2 ліпеня.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
Аляксандру Арановічу 37 гадоў, жыве ў Старых Дарогах. Яго затрымалі 29 траўня на Савецкай плошчы ў Горадні. Цяпер ён праходзіць у крымінальнай «справе Ціханоўскага» і знаходзіцца пад арыштам у СІЗА №1 Менску. Гэтая адміністрацыйная справа ня мае дачыненьня да крымінальнай справы, у апошняй суду яшчэ не было.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі ўжо 23 палітвязьні. Хто яныСправу разглядала судзьдзя Ленінскага раёну Горадні Натальля Козел. Сьведкамі выступілі міліцыянты Генадзь Верхаводкін і Сяргей Рымко. Прысутнічаў прадстаўнік УУС Горадзенскага аблвыканкаму Міхал Паўлоўскі.
Паводле пратаколу, Арановіч нецэнзурна лаяўся, чапляўся да людзей, схапіўся за заплечнік жанчыны і цягнуў яе. Пры затрыманьні не пагаджаўся ісьці, упіраўся.
Арановіч сваёй віны не прызнаў паводле абодвух артыкулах. Сказаў, што прыехаў у Горадню на экскурсію. Стаяў на ўскрайку плошчы, ня ўдзельнічаў у пікеце. У пэўны момант, калі ён стаяў паблізу Фарнага касьцёла, побач з блогерам Сяргеем Ціханоўскім, да яго падышлі трое мужчын: адзін у міліцэйскай форме, двое ў цывільным. Двое ўзялі яго за рукі і пацягнулі, трэці пхаў у сьпіну. Па ягоных словах, ніхто не прадстаўляўся, не адказваў на ягонае пытаньне, чаму яго схапілі, таксама прычыны адразу не тлумачылі ў РАУС, куды Арановіча адвезьлі.
Як расказаў сьведка міліцыянт Генадзь Верхаводкін, Арановіч 29 траўня на Савецкай плошчы ў Горадні зьняважліва прыставаў да жанчыны, хапаў яе за заплечнік, выказваўся нецэнзурна. Калі яго пачалі затрымліваць, супраціўляўся. Па словах Верхаводкіна, Арановічу прадставіліся, папрасілі прайсьці зь імі. Ён і ягоны паплечнік Рымко нібыта былі ў форме. Аналягічныя паказаньні даў міліцыянт Сяргей Рымко ў якасьці сьведкі.
Суд пакараў Арановіча 10 суткамі адміністратыўнага арышту агулам паводле абодвух артыкулаў.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелПАН.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Горадні асудзілі відэаапэратара блогера Ціханоўскага за тое, што нібыта ён здымаў і размахваў рукамі адначасоваПрэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.