Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі праігнаравала сумесную заяву Беларускай асацыяцыі журналістаў і рэдакцый звыш 50 мэдыя з патрабаваньнем спыніць перасьлед за прафэсійную дзейнасьць, гаворыцца на сайце БАЖ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуская асацыяцыя журналістаў і звыш 40 незалежных СМІ запатрабавалі спыніць перасьлед журналістаўУ сваім адказе МУС спасылаецца на тое, што заяўнікі не прыклалі дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць права асацыяцыі прадстаўляць інтарэсы калегаў. Кіраўніцтва БАЖ не разумее, што мае на ўвазе МУС, бо толькі 19 і 20 чэрвеня ў розных гарадах Беларусі пры выкананьні службовых абавязкаў затрымалі некалькі дзясяткаў журналістаў –сяброў арганізацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналіст Сяргей Багроў з Ганцавічаў атрымаў 15 сутак арышту, Аляксандра Пазьняка аштрафавалі на 810 рублёўАдзін з тых, каго затрымалі падчас працы, да гэтага часу адбывае 15-дзённы адміністрацыйны арышт у Баранавічах. Гэта апэратар выданьня «Ганцавіцкі час» Сяргей Багроў.
Іншы журналіст, Сяргей Лацінскі з Бабруйску, асуджаны на 10 сутак і таксама павінен будзе адбыць гэтае пакараньне за сваю працу.
Сярод затрыманых былі журналісты Свабоды Аляксандра Дынько і Андрэй Рабчык, якія вялі жывы відэарэпартаж са збору подпісаў у Менску 19 чэрвеня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рэпартэры бязь межаў» асудзілі затрыманьні журналістаў у БеларусіРазам з тым Беларуская асацыяцыя журналістаў ня страчвае надзею, што, нягледзячы на фармальны адказ, супольны зварот арганізацыі і больш чым 50 рэдакцый палепшыць стаўленьне работнікаў правапарадку да прадстаўнікоў прэсы.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.