Менская гарадзкая выбарчая камісія зацьвердзіла выніковыя пратаколы раённых камісій з колькасьцю сапраўдных подпісаў за кожнага прэтэндэнта ў кандыдаты ў прэзыдэнты. Усе сябры камісіі прагаласавалі аднагалосна — лічбы, абнародаваныя ЦВК 30 чэрвеня па Менску, прызнаныя праўдзівымі.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЦВК адказала штабам Бабарыкі і Цапкалы: падставаў для пошуку «страчаных подпісаў» нямаПаседжаньне вёў старшыня Менскай гарадзкой выбарчай камісіі Дзьмітры Шаўцоў. Сакратарка камісіі Тацяна Кот зачытала, колькі подпісаў за кожнага кандыдата паступіла з раённых выбарчых камісій.
- Віктар Бабарыка — 63 721 подпіс;
- Андрэй Дзьмітрыеў — 52 358 подпісаў;
- Ганна Канапацкая — 126 262 подпісы;
- Аляксандар Лукашэнка — 306 533 подпісы;
- Сьвятлана Ціханоўская — 25 895 подпісаў;
- Валер Цапкала — 21 311 подпісаў;
- Сяргей Чэрачэнь — 47 103 подпісы.
Прагаласавалі за кожнага аднагалосна, ніхто не ўстрымаўся і ня быў супраць.Ніводнага пытаньня таксама не прагучала.
1 ліпеня атрымаць дакладныя лічбы аб кожным кандыдаце ў раённых выбарчых камісіях Свабодзе не ўдалося. 2 ліпеня старшыня Менскай гарадзкой выбарчай камісіі паабяцаў Свабодзе апублікаваць іх на сайтах раённых камісій.
Выбарчы штаб Віктара Бабарыкі ўжо падаў 11 скаргаў у ЦВК, паведаміў Свабодзе прадстаўнік Віктара Бабарыкі юрыст Максім Знак.
Абскарджваць рашэньні тэрытарыяльных камісій зьбіраецца і штаб Валера Цапкалы.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.