«Элегантнай перамогі ўжо ня будзе». Размова з польскай эўрадэпутаткай Ганнай Фатыгай

Ганна Фатыга (Anna Fotyga) — польская дэпутатка Эўрапарляменту, выбраная ад партыі «Права і справядлівасьць»​. У Эўрапарлямэнце Фатыга належыць да фракцыі эўрапейскіх кансэрватараў і рэфармістаў ды старшынюе ў Камісіі эўрапейскай інтэграцыі. У 2006–​2007 гг. яна была міністрам замежных справаў Польшчы, у 2007–​2008 гг. — кіравала канцылярыяй прэзыдэнта Леха Качыньскага.

Як у Беларусі праходзіць выбарчая кампанія. Апошняе​

— Нядаўна Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ягонымі апанэнтамі на прэзыдэнцкіх выбарах кіруюць «лялькаводы» з Расеі і Польшчы. Канкрэтных імёнаў кіраўнік Беларусі не назваў. Як вы думаеце, хто ў Польшчы хацеў бы выконваць такую ролю ў адносінах да апанэнтаў Лукашэнкі? Цяперашні ўрад «Права і справядлівасьці»? Апазыцыя гэтаму ўраду? Адны і другія?

Ганна Фатыга


— Ня думаю, што нехта з польскіх патрыётаў зацікаўлены ў кіраваньні беларускай апазыцыяй. Палітыкі ў Польшчы наагул, незалежна ад іхнай палітычнай арыентацыі, проста спрыяюць дэмакратычнай апазыцыі ў Беларусі. Мы турбуемся тым, што там адбываецца. Такая, на жаль, ужо склалася традыцыя, што перад кожнымі выбарамі падымаецца хваля рэпрэсіяў у Беларусі. Гэтым разам адбываецца тое самае. Мы ўважліва сочым за сытуацыяй у Беларусі і проста сымпатызуем тым сьмелым людзям, якія не баяцца выступаць супраць аўтарытарнай улады.

Сыгналы, якія да нас даходзяць са шматлікіх крыніц, выклікаюць вялікі неспакой — гэта затрыманьні, гэта катаваньні Паўла Севярынца, пра якія я пачула зусім нядаўна… Гэта шок. Я баюся, што з кожным днём сытуацыя будзе пагаршацца. Аляксандар Лукашэнка ўжо традыцыйна кідае абвінавачаньні ў розныя бакі. Паколькі абвінавачаньні ў бок Польшчы прагучалі пасьля яго паездкі ў Маскву, я думаю, што ён проста захацеў спадабацца Пуціну.

— Я спэцыяльна паставіў вам гэтае пытаньне ў такім правакацыйным выглядзе. Але пагадзіцеся, што ў мінулым і Варшава, і Брусэль былі зацікаўленыя прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі ды ангажаваліся ў іх палітычна. Напрыклад, у 2010 годзе, калі выбары і пратэст пасьля іх закончыліся зьняволеньнем сотняў чалавек, у тым ліку большасьці апазыцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты…

— Я не акрэсьліла б гэтага як палітычную ангажаванасьць. Думаю, што ўжо шмат гадоў палякі зацікаўленыя тым, каб беларускае грамадзтва магло абіраць у згодзе са сваёй воляй. Але, на жаль, у выпадку амаль кожных выбараў мы бачым рэпрэсіі. Гэта тое, што адрозьнівае Беларусь ад астатніх дзяржаваў у Эўропе.

— Але тады, пасьля выбараў 2010 году, Эўразьвяз увёў санкцыі супраць рэжыму ў Беларусі…

— Санкцыі — гэта тыповая справа. Я не акрэсьліваю іх як палітычную ангажаванасьць. Эўразьвяз проста стаў на баку грамадзтва, грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі. Бо няма ніякіх сумненьняў, што выбары, якія праходзяць у цені такіх жорсткіх рэпрэсіяў, вельмі далёкія ад дэмакратычных стандартаў.

Думаю, што цяперашняя занепакоенасьць сытуацыяй у Беларусі — вельмі сур’ёзная. Маем шэраг ініцыятываў, у тым ліку на ўзроўні Эўрапарлямэнту, у сувязі з гэтай сытуацыяй. Мы праводзім маніторынг гэтай сытуацыі практычна дзень за днём. Я таксама адзначыла абвінавачаньні беларускага рэжыму ў адрас інстытуцыяў, якія займаюцца падтрымкай грамадзянскай супольнасьці, такіх, напрыклад, як ваша радыё, да якога палякі адчуваюць вялікі сантымэнт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Зьмены ў Беларусі не наступяць цяпер», — Дэйвід Марплз

— На вашу думку, ці сёлетняя выбарчая кампанія ў Беларусі можа закончыцца падобным чынам, як тая ў 2010-м? То бок татальным пагромам апазыцыі ў Беларусі і аднаўленьнем санкцыяў Эўразьвязу?

— Спадзяюся, татальным пагромам апазыцыі яны не закончацца. Тады фактычна наступіла значнае аслабленьне апазыцыі, але рэпрэсіі пасьля выбараў 2010 году не змаглі зламаць народнага духу дарэшты.

Як я ўжо сказала, цяперашняя сытуацыя ў Беларусі выклікае ў мяне вялікі неспакой. Добра відаць, што падтрымка Лукашэнкі слабее, што грамадзтва штораз больш незадаволенае такім спосабам выкананьня ўлады. Я ўсьведамляю, што Лукашэнка вядзе пэўную гульню зь беларусамі, мэта якой — паказаць грамадзтву, што, маўляў, калі ня я, то будзе значна горшы сцэнар. Лукашэнка хоча паказаць, што ён — сапраўдны гарант сувэрэннасьці краіны. Але лічу, што грамадзтва мае права выказваць сваю волю на выбарах свабодным чынам.

— Брусэль ужо спрабаваў весьці ў адносінах да Лукашэнкі палітыку і бізуна, і перніка. Як здаецца, ні адно, ні другое на яго не падзейнічала. Што яшчэ Брусэль можа спрабаваць зрабіць канкрэтна ў сёлетняй выбарчай кампаніі, акрамя фармуляваньня заяваў з асуджэньнем і пратэстам? Ці, можа, варта пакінуць Лукашэнку сам-насам з Пуціным, і няхай ён самастойна выкручваецца?

— Ня буду тут гаварыць за Брусэль, а скажу як палітык дэмакратычнай дзяржавы, які дзейнічае ў згодзе з уласным сумленьнем. У гэтай справе мы павінны стаяць на баку апазыцыі, праводзіць маніторынг і паказваць сьвету тыя жорсткія рэчы, якія адбываюцца. З польскага досьведу мне вядома, што найгоршая рэч у палітычным змаганьні з праціўнікам, які выкарыстоўвае брутальныя мэтады, — гэта цішыня.

Лукашэнкі мне не шкада, і калі б гэта тычылася выключна яго, я магла б яго пакінуць Пуціну. Але я думаю, што мы абавязаныя быць салідарнымі з тымі ўсімі, якія змагаюцца за сувэрэннасьць і незалежнасьць сваёй краіны. Так з намі было заўсёды, і так ёсьць цяпер. Мая сымпатыя — на баку беларускай апазыцыі.

Як палітык я, безумоўна, не хацела б, каб Масква, каб Расейская Фэдэрацыя падпарадкавала сабе Беларусь цалкам. Зрэшты, думаю, гэтак ня здарыцца. Расея ў гэты момант мае шмат турботаў іншага тыпу.

Калі рэпрэсіі ў Беларусі будуць узмацняцца, мы будзем патрабаваць ад Эўразьвязу запусьціць адпаведныя мэханізмы, якія ёсьць у нашым распараджэньні. Маю на ўвазе санкцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Масква зацікаўленая кампрамэтаваць Лукашэнку ў вачах Захаду». Польскі аналітык пра беларускія выбары

— Калі вы былі міністрам замежных справаў Польшчы ў 2006–2007 гадах, якой палітыцы ў адносінах да Беларусі вы аддавалі перавагу? Ці гэтая палітыка ажыцьцяўляецца цяперашнім польскім урадам?

— Я тады праводзіла даволі пасьлядоўную і рыгарыстычную палітыку ў адносінах да Беларусі. Хаця, з увагі на даволі вялікую групу палякаў у Беларусі, як і з увагі на беларускую апазыцыю, мы ўтрымлівалі каналы сувязі на ніжэйшых узроўнях. Думаю, што цяпер польскія ўлады паводзяцца падобна. Была спроба завязаць дыялёг, але, як бачу, няшмат з гэтага атрымалася. Як мяркую, гэтая агульная лінія ў адносінах Варшавы зь Менскам захоўваецца і цяпер.

Лукашэнка дагэтуль, тут усе мы згодныя, даволі добра даваў рады з тым, што я называю падміргваньнем Захаду, — з падаваньнем Захаду надзеі, што ён, можа быць, аддаліцца ад уплыву Масквы. У параўнаньні зь іншымі палітыкамі я стаўлюся да гэтага больш скептычна. Лічу, што гэта гульня. І думаю, што мы павінны нязьменна падтрымліваць грамадзянскую супольнасьць у Беларусі, якая не прымае аўтарытарных мэтадаў кіраваньня краінай.

— Запытаю вас цяпер пра ініцыятыву пад назвай «Усходняе партнэрства». Ці ёсьць яшчэ нейкі шанец на посьпех гэтай праграмы што да Беларусі, ці гэта ўжо справа, якая вытхнулася?

— У гэтай справе я аптымістка. Мо таму, што я наагул аптымістка. Гэта, мабыць, ад таго, што ў сваім жыцьці я была сьведкай і ўдзельніцай падзеяў, пра якія ніхто раней і ня сьніў, а яны ўсё ж ажыцьцяўляліся. Я таксама аптымістка ў адносінах да Беларусі, таму ўвесь час імкнуся падтрымліваць розныя ініцыятывы, — і мэдыйныя, і грамадзкія, і палітычныя, — паверх палітычных падзелаў.

Ганна Фатыга

— У апошнім пытаньні я хацеў бы папрасіць вас зрабіць прагноз. Што будзе пасьля 9 жніўня, то бок пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі? Чарговая «элегантная перамога» Лукашэнкі і пацыфікацыя сытуацыі ў Беларусі на наступныя пяць гадоў?

— «Элегантнай перамогі» ўжо ня будзе. Ніякіх белых пальчатак тут ужо няма. Гэта відавочная рэч для назіральнікаў. Спадзяюся, што вольны сьвет мусіць гэтую перасьцярогу, як раблю гэта я, пасылаць вельмі выразна: мы будзем сачыць за падзеямі ў Беларусі, праводзіць маніторынг і падтрымліваць тых, якія хочуць ажыцьцяўляць свае грамадзянскія правы. Аляксандар Лукашэнка павінен ведаць, што яму ня ўдасца зрабіць гэтага цішком і «элегантна».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.