Па словах Кірыла Машэкі, яшчэ ўчора ён нічога ня ведаў пра магчымую выпіску з 10-й клінічнай лякарні Менску.
УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
Грамадзянскі актывіст, актор і мастак Кірыл Машэка захварэў на двухбаковую пнэўманію на мінулым тыдні — у чацьвер 24 чэрвеня. Трапіў у 10-ю клінічную лякарню Менску на вуліцы Ўбарэвіча. Разьлічваў, што правядзе там не адзін тыдзень, але ўсё склалася іначай.
«Вось сёньня выпісалі, — расказвае Кірыл. — Хадзілі чуткі спачатку, што да 3 ліпеня павінна быць адкрытая бальніца, зьнятая з карантыну. А ўчора сказалі, што да 6 ліпеня. Мяне сёньня плянавалі пераводзіць у іншую палату. А раніцай пачаўся вэрхал у бальніцы. Пачалі ўсё мыць, здымаць бялізну. У палаце перавернутыя ложкі і матрацы, і адзін чалавек ляжыць сярод гэтага ўсяго».
Адна з доктарак 10-й бальніцы Дар’я Чэхава напісала ў твітэры, што на гэтым тыдні ўстанова спыняе прыём пацыентаў з COVID-19 і пераходзіць на звычайны рэжым.
Па словах Кірыла, хворыя ўвесь гэты час чакалі эпікрызу. Яны ня ведалі, што зь імі будзе далей. А бліжэй да абеду стала вядома, што Кірыла і яго суседзяў па палаце выпісваюць.
«Толькі з маёй палаты разам са мной выпісалі яшчэ дваіх, — расказвае Кірыл. — Учора аднаго выпісалі. У аднаго мужчыны аднабаковая пнэўманія і вадкасьць у лёгкіх. 72 ці 74 гады яму, дакладна ня памятаю. Яшчэ аднаму 62 гады, у яго аднабаковая была пнэўманія».
У бальніцы раніцай 1 ліпеня яму сказалі ехаць дадому на самаізаляцыю. Маўляў, пасьля павінен прыйсьці ўчастковы лекар і прызначыць другі тэст.
«Я цяпер пачуваюся добра, — кажа Кірыл. — Лекары на самой справе добра ставяцца, усе мэдыкамэнты ёсьць, усе працэдуры праводзіліся — кропельніцы, уколы, таблеткі. Усё даюць. У мяне тэмпэратура трымалася першыя два дні, потым пачала падаць. Кашаль невялікі, падвечар нязначная слабасьць. Мяне выпісалі, прапісалі антыбіётыкі на 5 дзён, і ўсё. Сказалі, што ў мяне добрыя аналізы, не пагаршаюцца. Усё ў норме».
Па словах Кірыла, лекары нічога не тлумачылі пацыентам, чаму іх так тэрмінова выпісваюць. А ад санітараў хворыя даведаліся, што бальніцу пераводзяць з карантыну на звычайны рэжым.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Працы стала яшчэ больш», — лекарка пра паўторныя шпіталізацыі з пнэўманіяй і «камічныя» даведкі пра сьмерць«Адчувалася толькі паніка, незадаволенасьць, — кажа Кірыл. — Усё пачалі хутка правяраць, здымкі і ўсё астатняе. Каб зразумець, у якім мы стане. То бок адбываўся не звычайны ход хваробы, а экстранны разгляд. Усё зрабілі літаральна за раніцу. Аддзяленьне пульманалёгіі закрываецца, цалкам дэзынфікуецца і, відавочна, будзе адкрывацца нанава, але ўжо не як каранавіруснае. Учора я яшчэ ня ведаў, што мяне сёньня выпішуць. Думаў, пакінуць яшчэ на тыдзень. Мы думалі, нас перавядуць альбо ў іншыя палаты, альбо ў іншыя бальніцы».
Цяпер Кірыл павінен быць дома на карантыне 14 дзён. Пасьля гэтага яшчэ праз 7–10 дзён мусіць зрабіць паўторны аналіз на каранавірус.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Людзі ляжаць у палатах сем’ямі». Ці ідзе на спад эпідэмія каранавірусу ў Беларусі?«Я магу толькі меркаваць, з чым усё гэта зьвязана, — кажа хворы. — З тым, пра што гаварылі санітары і санітаркі. Можна яшчэ далей пайсьці па лягічным ланцужку, але гэта зразумела, я камэнтаваць гэта ня буду. Нам патрэбная статыстыка і ўсё астатняе».
Атрымаць камэнтар па гэтай сытуацыі ў адміністрацыі 10-й клінічнай лякарні Менску не атрымалася. Прэс-сакратар Міністэрства аховы здароўя Беларусі Юлія Барадун для камэнтароў таксама недасяжная.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ