Амбасадар Сямашка: Беларусь не задаволеная тым, што Расея ня выканала дамоўленасьцяў аб газе

Уладзімер Сямашка

Беларускі бок не задаволены невыкананьнем Расеяй дасягнутых раней дамоўленасьцяў аб газе, у тым ліку тымі, што тычацца цэнаўтварэньня, заявіў амбасадар Беларусі ў Расеі Ўладзімер Сямашка падчас онлайн-брыфінгу 1 ліпеня, піша БелТА.

Ён нагадаў, што ў лістападзе 2011 году Беларусь падпісала міжурадавыя пагадненьні, якія разам з продажам астатніх 50% акцый «Белтрансгазу» адначасова вырашалі пытаньні цаны і транзыту газу.

«Яны падпісваліся з мэтай, што мы прыйдзем калі не да роўных, то да вельмі блізкіх, супастаўных з Расеяй цэнаў на газ», — падкрэсьліў Сямашка.

Паводле яго, «Газпром» ня выканаў падпісанага ў 2017 годзе пратаколу, у якім было прапісана, што да канца 2018 году бакі павінны былі распрацаваць мэтодыку цэнаўтварэньня ў саюзнай дзяржаве, «па сутнасьці, мэтодыку стварэньня адзінага рынку», і не пазьней за 1 ліпеня 2019 году падпісаць бестэрміновае пагадненьне аб цэнаўтварэньні на газ з 1 студзеня 2020 году, аднак гэтага не адбылося. Цяпер на мяжы Беларусі і Расеі цана на газ у 2 разы вышэйшая, чым у Смаленскай вобласьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Газпром» назваў суму, якую Беларусь яму вінная, і ўмовы пачатку перамоваў пра цэны ў 2021 годзе

«Сёньня, я скажу адкрыта, мы не задаволеныя той цаной, якая ёсьць, і невыкананьнем нашымі калегамі пагадненьня, — заявіў Сямашка. — Але мы бачым, што ёсьць разуменьне, і лічым, што да 1 студзеня 2022 году задача, якую мы ставілі ў 2017-м (аб выраўноўваньні цэнаў на газ. — Рэд.), будзе выкананая».

Цяпер Беларусь імпартуе прыкладна 20 млрд кубамэтраў газу ў год. З пускам БелАЭС спажываньне газу ў краіне павінна зьменшыцца на 5-5,5 млрд кубамэтраў штогод, дадаў Сямашка.

29 траўня кіраўнік «Газпрома» Аляксей Мілер заявіў, што Беларусь мае запазычанасьць у 165,5 млн даляраў за пастаўкі расейскага газу, і перамовы па ўмовах пастаўкі газу з 1 студзеня 2021 году прызначаць толькі пасьля аплаты гэтай запазычанасьці. У той жа дзень Мінэнэрга Беларусі заявіла аб адсутнасьці запазычанасьці перад Расеяй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінэнэрга Беларусі заявіла, што ня мае доўгу за газ перад «Газпромам»

Менск дамагаецца зьніжэньня цаны на расейскі газ у сувязі зь яго патаньненьнем на сусьветных рынках (кантракт на 2020 год прадугледжвае пастаўку паліва па 127 даляраў ЗША за тысячу кубамэтраў). Расейскія ўлады ўвязваюць рашэньне газавага пытаньня з уніфікацыяй сыстэмаў падаткаабкладаньня дзьвюх краінаў.