Блогера Зьмітра Казлова, супраць якога завялі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак), праваабарончая супольнасьць Беларусі прызнала палітычным зьняволеным.
Пры прыняцьці рашэньня праваабаронцы кіраваліся раней прынятымі заявамі аб прызнаньні палітзьняволенымі фігурантаў «справы Ціханоўскага».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Блогера «Шэрага катá» таксама зрабілі фігурантам крымінальнай справы за «грубае парушэньне парадку»На падставе гэтага праваабаронцы патрабуюць ад беларускіх уладаў неадкладнага вызваленьня Зьмітра Казлова і спыненьня распачатага супраць яго крымінальнага перасьледу.
Зьміцер Казлоў быў затрыманы 10 чэрвеня разам з актывістамі «Эўрапейскай Беларусі» Арцёмам Чарняком і Міхаілам Бандарэнкам. На наступны дзень ён быў асуджаны на 20 сутак арышту і, адпаведна, меў выйсьці на волю 30 чэрвеня. Але стала вядома, што блогер пераведзены ў менскі СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Блогеры Кабанаў, Лосік і Пятрухін у СІЗА. Лосіку падоўжылі арышт да 10 дзён для выстаўленьня абвінавачаньняТакім чынам, ужо 17 чалавек знаходзяцца пад вартай у межах крымінальных справаў паводле арт. 342 КК.
Гэта блогеры Сяргей Ціханоўскі, Уладзімер Няронскі, Сяргей Пятрухін, Аляксандар Кабанаў, Уладзімер Цыгановіч, Зьміцер Казлоў, Ігар Лосік, палітык Мікола Статкевіч, а таксама затрыманыя пасьля інцыдэнту ў Горадні Зьміцер Фурманаў, Вяргілі Ушак, Арцём Сакаў, Аляксандар Арановіч, Уладзімер Навумік, Васіль Баброўскі, Яўген Разьнічэнка, Уладзімер Кніга, Андрэй Новікаў.