За вылучэньне ў кандыдаты на прэзыдэнцкую пасаду Сяргея Чэрачня ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі здалі каля 106 тысяч подпісаў, пацьвердзіў агенцтву БелаПАН прэсавы сакратар прэтэндэнта Алег Чумакоў.
30 чэрвеня ў Цэнтральнай выбарчай камісіі (ЦВК) заявілі пра рэгістрацыю 143 тысяч подпісаў за Чэрачня. На просьбу ўдакладніць прычыну гэтага разыходжаньня ў лічбах Чумакоў адказаў: «Гэта ўжо не да нас пытаньне».
На дадатковае пытаньне, ці плянуе каманда Чэрачня зьвярнуць увагу ЦВК на неадпаведнасьць у лічбах, Чумакоў задаў сустрэчнае пытаньне: «Калі ЦВК зьвяртала ўвагу на рэакцыю ўдзельнікаў працэсу?»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятлана Ціханоўская: «Нейкая гульня вядзецца, мы правілаў ня ведаем»Другая прэтэндэнтка Ганна Канапацкая заяўляла пры падачы дакумэнтаў, што яе каманда сабрала «крыху больш за 110 тысяч подпісаў», а ў ЦВК прызналі сапраўднымі 146 тысяч. І гэта ўлічваючы, што некаторыя камісіі адсеялі частку подпісаў на этапе праверкі.
Канапацкая ня стала камэнтаваць сытуацыю Свабодзе. Паводле ЦВК, у Ганны Канапацкай у рэгіёнах 35 тысяч сапраўдных подпісаў. Прычым раней паведамлялі, што за яе паступіла крыху больш за 20 тысяч.
У камэнтары Tut.by Канапацкая сказала, што 110 тысяч подпісаў, якія яна агучыла ў размове з журналістамі, гэта толькі здадзеныя «ўласнаручна». Маўляў, насамрэч яе каманда сабрала значна больш.
Андрэй Дзьмітрыеў таксама сказаў Tut.by, што яго каманда сабрала болей за 107 тысяч подпсіаў, пра якія ён паведаміў журналістам.
Што кажуць у ЦВК
У Цэнтральнай выбарчай камісіі патлумачылі такое несупадзеньне «магчымымі дадатковымі подпісамі».
«Да тых лічбаў, якія называлі журналістам Канапацкая, Чэрачань і Дзьмітрыеў, Цэнтральная камісія ня мае дачыненьня. Гэта казалі прэтэндэнты на этапе збору подпісаў, цалкам магчыма, што яны подпісы яшчэ здавалі дадаткова. Тыя лічбы, якія пазначаны на сайце ЦВК, атрымалі пасьля праверкі. Тое, што заяўлялі прэтэндэнты — тут трэба глядзець дату, калі яны гэта казалі», — сказаў Tut.by намесьнік загадчыка аддзелу прававой, аналітычнай і мэтадычнай работы ЦВК Іван Толкач.
Паводле ЦВК, шэсьць прэтэндэнтаў сабралі неабходную колькасьць подпісаў:
- Аляксандар Лукашэнка — 1 939 572: залічылі 97% ад пададзеных 2 млн подпісаў
- Віктар Бабарыка — 165 744: залічылі 45% ад пададзеных 365 тысяч
- Ганна Канапацкая — 146 588: залічылі 133% ад пададзеных 110 тысяч
- Сяргей Чэрачань — 143 109: залічылі 135% ад пададзеных 106 тысяч
- Андрэй Дзьмітрыеў — 106 841 (падаў «105-107 тысяч»)
- Сьвятлана Ціханоўская — 104 757: залічылі 95% ад пададзеных 110 тысяч
У Валера Цапкалы, паводле ЦВК, сапраўдных толькі 75 249 подпісаў: залічылі 37,6% ад пададзеных 200 тысяч. Такім чынам, ён ня зможа стаць кандыдатам.
Подпісы за Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу масава прызнавалі несапраўднымі ў менскіх і раённых камісіях.