Пастаўка нафты з ЗША ў пачатку чэрвеня не была аднаразовым крокам, пастаўкі будуць працягвацца ў рамках доўгатэрміновай праграмы, заявіў міністар замежных спраў Уладзімер Макей 30 чэрвеня, паведамляе БелТА.
«Зразумела, што трэба заўсёды глядзець на эканоміку і купляць там, дзе таньней, — сказаў міністар. — Але, навучаныя горкім вопытам розных крызісаў, фінансава-эканамічных у тым ліку, мы прыйшлі да высновы, што дывэрсыфікацыя [паставак нафты] — гэта жыцьцёва неабходны прынцып, палітыка нашай дзяржавы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Танкер з амэрыканскай нафтай для Беларусі прыбыў у порт КлайпедыМакей згадаў даручэньне Лукашэнкі забясьпечыць каля 30% неабходнага аб’ёму нафты за кошт паставак з альтэрнатыўных Расеі крыніц. Паводле Макея, графік паставак нафты з ЗША ўжо «зьвярстаны „Белнафтахімам“». Таксама Беларусь «мае намер актыўна працаваць над пастаўкамі вуглевадародаў зь іншых крыніц, у тым ліку з Блізкага Ўсходу, іншых дзяржаваў».
Першы танкер з 77 тысячамі тон амэрыканскай нафты прыбыў у порт Кляйпэды 5 чэрвеня, далей нафту даставілі чыгункай на наваполацкі «Нафтан». Гэта была 12-я танкерная пастаўка ў 2020 годзе ад альтэрнатыўных пастаўшчыкоў. Агульны абʼём такіх паставак перавысіў 1 млн тон нафты.
Беларусь неўзабаве ўзгодніць кандыдатуру амбасадара ў ЗША
Паводле Макея, Беларусь у хуткім часе завершыць унутрыдзяржаўныя працэдуры па ўзгадненьні кандыдатуры на пасаду амбасадара ў ЗША.
«Мы зацікаўленыя, каб амбасадар прыбыў у ЗША, у Вашынгтон, і пачаў працаваць як мага хутчэй. Сапраўды гэтак жа ў гэтым зацікаўлены амэрыканскі бок», — сказаў Макей і паабяцаў, што імя новага амбасадара назавуць, як толькі завершаць усе працэдуры — «у найбліжэйшыя месяц — паўтара, максымум два».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 11 год без амбасадараў. Як мяняліся дыпляматычныя стасункі паміж ЗША і БеларусьсюЯк апавяла ў гутарцы з журналістамі часовая павераная ў справах ЗША Джэніфэр Мур, кандыдатура амбасадара ЗША ў Беларусі цяпер праходзіць узгадненьне ў сэнаце. «Як правіла, гэты працэс даволі павольны», — патлумачыла дыпляматка і дадала, што абмен амбасадарамі «асабліва падкрэсьліць паляпшэньне нашых адносін».
Беларусь і ЗША ў гэтым годзе заявілі пра намер абмяняцца амбасадарамі. Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп высунуў на пасаду амбасадара ў Беларусі намесьніка памочніка дзяржсакратара ў справах Заходняй Эўропы і Эўразьвязу Джулі Фішэр. Яна можа стаць першым амбасадарам ЗША ў Беларусі з 2008 году.