Жыхар Барані Зьміцер Казлоў, які вядзе Youtube-канал «Серый кот» з 18,6 тысячы падпісантаў, таксама стаў фігурантам крымінальнай справы паводле артыкулу 342 КК («арганізацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).
УЖЫВУЮ. Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
Пра гэта Казлоў паведаміў у лісьце праваабаронцу Паўлу Левіну, піша «Вясна». 10 чэрвеня Казлова затрымалі разам з актывістамі «Эўрапейскай Беларусі» Арцёмам Чарняком і Міхаілам Бандарэнкам, на наступны дзень яго асудзілі на 20 дзён арышту. 30 чэрвеня Казлоў меў выйсьці на волю, але застаўся за кратамі — у ізалятары на 1-м завулку Акрэсьціна ў Менску.
За якія дзеяньні на Казлова распачалі крымінальную справу, невядома. Але паводле таго ж артыкулу (ды за розныя дзеяньні ў час выбарчай кампаніі) ў Беларусі ўжо знаходзяцца пад вартай яшчэ 16 чалавек, зь якіх 13 ужо прызналі палітычнымі зьняволенымі.
Перасьледуюць паводле арт.342 КК РБ наступных:
- Аляксандр Арановіч,
- Васіль Баброўскі,
- Аляксандр Кабанаў,
- Уладзімер Кніга,
- Ігар Лосік,
- Уладзімер Навумік,
- Андрэй Новікаў,
- Уладзімер Няронскі,
- Сяргей Пятрухін,
- Яўген Разнічэнка,
- Арцём Сакаў,
- Мікалай Статкевіч,
- Вяргілій Ушак,
- Зьміцер Фурманаў,
- Сяргей Ціханоўскі,
- Уладзімер Цыгановіч.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.