Кругавая абарона Лукашэнкі: Ад Пуціна да Ціханоўскага

Ці працуе вобраз Лукашэнкі як абаронцы сувэрэнітэту ад замежнай навалы? Ці ўдалося яму спыніць «спакойнае расхістваньне сытуацыі»? Ці варта заклікаць людзей на Плошчу без гарантыяў посьпеху?

Гэтыя тэмы ў «Праскім акцэнце» абмяркоўваюць кіраўнік аналітычных праектаў БелаПАН Аляксандар Класкоўскі і аглядальнікі Свабоды Валер Карбалевіч і Юры Дракахруст.

Сьцісла:

Карбалевіч

  • Мы пачулі, што ва ўсім сьвеце адбываюцца суцэльныя катаклізмы і адусюль паходзяць пагрозы, Беларусь у атачэньні ворагаў
  • Галоўнае пасланьне Лукашэнкі грамадзтву палягае ня ў тым, што я вам прапаную нейкую цудоўную будучыню, вялікія пляны ці пэрспэктывы. Галоўнае, я ўсіх заткну
  • Пакуль я бачу, што большасьць пратэстоўцаў не гатовыя да сілавога супрацьстаяньня зь міліцыяй, да рэвалюцыі
  • Якая цана свабоды? Якія ахвяры можна прынесьці на алтар свабоды? Гэта ня толькі беларуская, а агульначалавечая праблема

Класкоўскі

  • Можна зразумець, чаму Лукашэнка асядлаў гэтага канька абароны незалежнасьці ад Расеі. Няма больш пра што гаварыць, па вялікім рахунку
  • Калі Лукашэнка паўтарае, што мы саюзьнікі не разьлі вада — гэта ў значнай ступені разбурае наратыў, які ён зараз спрабуе накінуць разам са сваёй прапагандай, што «рука Масквы» хоча паваліць краіну
  • Мой прагноз: Лукашэнка на 99% утрымае ўладу падчас выбарчай кампаніі
  • У Салігорску Лукашэнка казаў, што не выключае, што апанэнты паклічуць на дапамогу суседнюю дзяржаву. Намёк на Расею. Маўляў, калі будзеце тут ладзіць Майданы, то ў выніку прыедзе Пуцін на танку

Дракахруст: Выступ Аляксандра Лукашэнкі перад «актывам» у Салігорску — адзін з самых канцэптуальных за апошні час, у ім ён выклаў сваю пазыцыю па цэлым шэрагу тэмаў.

Адзін з самых цікавых момантаў — яго вобраз змагара за незалежнасьць, прычым, пагроза, зь яго словаў, цяпер паходзіць ці не выключна з Усходу, з Расеі. Было сказана, што мы выстаім, пойдзем у зямлянкі, але вытрымаем. Наколькі гэты фрэймінг, гэтае пазыцыянаваньне працуе? Асабліва перад гэтым «актывам», якому 26 гадоў даводзілі, якія беларусы браты з расейцамі. А зараз ледзь не ваяваць з расейцамі трэба.

Аляксандар Класкоўскі

Класкоўскі: Можна зразумець, чаму Лукашэнка асядлаў гэтага канька. Няма пра што гаварыць, па вялікім рахунку. Па ідэі, ён ідзе на выбары, павінен казаць, якой ён бачыць заўтрашнюю Беларусь. У яго, калі ён прызначаў новага прэм’ера, прагучала думка, што ня толькі разбураць нічога ня трэба, але нават і будаваць. Калі перакласьці гэты эўфэмізм на звычайную мову, гэта значыць — я хачу застацца пры ўладзе, а астатняе ўсё другараднае.

Відаць, пасьля мазгавых штурмаў у атачэньні Лукашэнкі прыйшлі да высновы, што цяперашні лідэр — гэта абаронца незалежнасьці і толькі ён можа ўратаваць Беларусь ад паглынаньня і разьдзіраньня моцнымі дзяржавамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пасьля выбараў будзе яшчэ цікавей, я вам абяцаю», — Лукашэнка пра «Бабарыкіна», трактар і візыт Пампэо 

Дракахруст: У яго там прагучаў цікавы пасаж — маўляў, хто б ні прыйшоў да ўлады, хай бы хоць і праз Майдан, але абы прабеларускі. Але паколькі ўсе яго цяперашнія апанэнты — не прабеларускія, ён і вымушаны дзеля Бацькаўшчыны ім супрацьстаяць і іх душыць.

Класкоўскі: Гэты пасаж быў абсалютна няшчыры. Мяркую, што ў яго ніхто ў залі не паверыў — што калі прыйдзе прабеларускі лідэр замест Лукашэнкі, дык той гатовы яму дараваць нават Майдан. Ведаючы нелюбоў Лукашэнкі да «нацменаў» і Майданаў, гэты пасаж гучаў фальшыва. Тут ён перайграў.

Але мяркую, што гэтая схема, якую накідае і ён, і прапаганда — гэта наўрад ці працуе на тых, хто сядзеў у гэтай залі. У іх наагул кагнітыўны дысананс. Шмат гадоў гаварылася, што мы ў інтэграцыі з Расеяй пойдзем настолькі далёка, наколькі будзе гатовая Расея.

Але і цяпер Лукашэнка ж зьлётаў на парад у Маскву, а 19 чэрвеня, калі ў Менск прыяжджаў Лаўроў, Лукашэнка казаў, што нічога ў двухбаковых адносінах «не іскрыць». Праўда, у Салігорску сказаў, што часам і вельмі моцна іскрыць, і тады мы нагадваем, што трэба больш паважліва абыходзіцца з адзіным саюзьнікам.

Гэта супярэчлівая тэза. Калі Лукашэнка паўтарае, што мы саюзьнікі не разьлі вада — гэта ў значнай ступені разбурае наратыў, які ён цяпер спрабуе накінуць разам са сваёй прапагандай, што «рука Масквы» хоча паваліць краіну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пра арышт Ціханоўскага: «Так, я даў сыгнал»

Дракахруст: Валер, ці адзіны гэта наратыў выбарчай кампаніі ў Лукашэнкі? У Салігорску ён казаў, што Беларусь дзякуючы яму выйграла змаганьне з каранавірусам. Ён тлумачыў, што публіка рэагавала на яго жарты, на яго заявы, што ковіду няма, але, паводле яго, гэта быў спосаб супакоіць і ўратаваць людзей, утрымаць стабільнасьць. І вось гэты вобраз ратавальніка — і ад ковіду, і ад геапалітычных жахаў — ён зусім ужо не працуе?

Валер Карбалевіч

Карбалевіч: У мяне больш складанае ўражаньне ад гэтага выступу. Засадзіўшы асноўных апанэнтаў за краты, Лукашэнка вядзе актыўную агітацыйную кампанію. Крыху раней адбылася сустрэча з «актывам» Горадзенскай вобласьці, цяпер — Менскай. Прычым цікава, што ён больш апэлюе не да народу, а да чынавенства. Выглядаў ён вельмі эмацыйным, узбуджаным, нэрвовым.

Мы пачулі, што ва ўсім сьвеце адбываюцца суцэльныя катаклізмы і адусюль паходзяць пагрозы, Беларусь у атачэньні ворагаў. І, паводле яго, пагроза ня толькі з Усходу, пагроза з усіх бакоў.

Праўда, Захад, паводле Лукашэнкі, зразумеў сваю памылку. Так што ня толькі ковід перамаглі, але і Захад. Ну і ўнутры краіны, зразумела, ворагі.

Гэта і «нацмены», якія нібыта ў 21-м годзе аддалі палову тэрыторыі Беларусі, але галоўныя ворагі — гэта цяперашнія кандыдаты ў прэзыдэнты.

Што тычыцца ідэі пра пагрозу з боку Расеі, яна даволі дзіўна выглядае на інфармацыйным экране. З аднаго боку, з Расеі гучаць пагрозы, але, зь іншага боку, адносіны з Расеяй нават палепшыліся — вось Лукашэнка быў на парадзе, 30 чэрвеня ён едзе на ўрачыстасьці ў Ржэў, дзе адбудзецца яго сустрэча з Пуціным. Усё гэта не выглядае як суцэльны канфлікт з Расеяй. Тым больш што відавочных фактаў умяшаньня Расеі ў беларускія справы няма. Тым больш ніякая пагроза з боку Расеі ня бачная звычайнаму абываталю.

І гэтае напампоўваньне Лукашэнкам напружанасьці выглядае крыху дзіўным і штучным.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 500 тысяч падпісчыкаў, да 3 гадоў калёніі. Што яшчэ трэба ведаць пра затрыманых уладамі блогераў

Дракахруст: Яшчэ адзін сюжэт — гэта ўнутранае становішча. Яго Лукашэнка апісаў як «спакойнае расхістваньне сытуацыі». Ён прызнаўся, што ён фактычна пасадзіў Сяргея Ціханоўскага. І гэта было зроблена адмыслова, а не таму, што Ціханоўскі нібыта пхнуў міліцыянта.

Магчыма, сытуацыя сапраўды так і разьвівалася, і ён дзейнічаў даволі тэхналягічна. Спачатку прыбралі лідэраў вуліцы, тых, хто мог бы павесьці за сабой вуліцу — гэта Ціханоўскі, Мікола Статкевіч, Павал Севярынец. Другі ўдар — па блогерах. Дык, можа, ён і сапраўды здолее спыніць гэтую хвалю?

Карбалевіч: Галоўнае пасланьне Лукашэнкі грамадзтву палягае ня ў тым, што я вам прапаную нейкую цудоўную будучыню, вялікія пляны ці пэрспэктывы. Галоўнае, я ўсіх заткну. Пакуль гэта працуе. Удалося зьбіць гэтую хвалю пратэстаў, нэўтралізаваць найбольш актыўных. Цалкам рэальна, што сілавой спэцапэрацыяй ён зможа здушыць гэты пратэст. Пакуль я бачу, што большасьць пратэстоўцаў не гатовыя да сілавога супрацьстаяньня зь міліцыяй, да рэвалюцыі.

Увогуле, я асьцерагаюся даваць прагнозы. Напачатку трэба паглядзець, каго зарэгіструе Лукашэнка. І пасьля гэтага можна будзе больш дакладна будаваць нейкія прагнозы. Бо калі ня будуць зарэгістраваныя Бабарыка і Цапкала, то гэта будзе зусім іншая сытуацыя і іншыя варыянты разьвіцьця падзеяў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міколу Статкевіча затрымалі па крымінальнай справе

Дракахруст: Аляксандар, вы, як і мы з Валерам, перажылі адзін злом сыстэмы на мяжы 1980–1990-х гадоў, гарбачоўскую перабудову. Мы ведаем, як гэта адбываецца. Дык вось якія суадносіны элемэнтаў арганізаванасьці і стыхійнасьці працуюць у такія моманты?

Лукашэнка, каб прадухіліць рэвалюцыю, дзейнічае вельмі граматна. Лідэраў прыбралі. Што тычыцца другога боку: Сяргей Ціханоўскі выведзены з гульні. Ягоная жонка Сьвятлана не заклікае да Плошчы. Такая ж пазыцыя і штабу Віктара Бабарыкі. Адтуль наўпрост кажуць, што ня трэба вулічных пратэстаў. Дык ці можа сытуацыя разьвівацца спантанна? Бо яна можа падставіць людзей пад дубінкі, а можа і пад нешта горшае. Пра Андыжан ужо было сказана.

Класкоўскі: Ёсьць прынцыповая розьніца паміж гарбачоўскай перабудовай і цяперашняй сытуацыяй у Беларусі. Перабудова была «рэвалюцыяй зьверху», яе ініцыяваў Гарбачоў. І гэта прывяло да расколу тагачасных элітаў. Я тады быў рэдактарам газэты «Знамя юности», газэты, якая фармальна была камсамольскай, але ў рэальнасьці стала антыкамуністычнай. Цяпер сытуацыя іншая. Днямі міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей у інтэрвію сказаў: «Рэжым моцны».

Страйк у Менску, плошча Леніна, красавік 1991

Дракахруст: З гэтай нагоды такі ўспамін з тых часоў перабудовы. Адзін з тагачасных паплечнікаў Гарбачова, Яўген Прымакоў, падчас наведваньня ЗША ў 1988 годзе адказваў на пытаньні. Яго спыталі, колькі часу мае КПСС, каб правесьці заплянаваныя рэформы. Ён адказаў: «Вечнасьць». Прайшло тры гады, і КПСС зьнікла ў вечнасьць.

Класкоўскі: Невядома, што будзе ў Беларусі праз тры гады. Бо 9 жніўня жыцьцё не канчаецца.

Мой прагноз: Лукашэнка на 99% утрымае ўладу падчас выбарчай кампаніі. Рамантыкі, нэафіты цяперашняй кампаніі крыўдзяцца на мяне за такі прагноз. Я бачу наіўнасьць гэтых людзей. Азбука паліталёгіі паказвае, што калі аўтарытарны рэжым кансалідаваны, калі ў яго моцны сілавы кулак, сярод сілавікоў ваганьняў няма, то рэжым выстаіць. Глядзіце як загаварыў міністар унутраных спраў Караеў. Маўляў, Радыё Свабода — ня толькі калектыўны прапагандыст, а і калектыўны арганізатар акцый, як казаў клясык.

Так — шмат людзей, якія не цікавіліся палітыкай, цяпер заангажаваліся ў яе. Аднак яны адрозьніваюцца ад традыцыйнай апазыцыі, якая ў гэтай кампаніі выпала з фокусу ўвагі, але ў якой ёсьць досьвед арганізацыі і супрацьстаяньня рэпрэсіям. І невыпадкова пад удар рэпрэсій трапілі Мікола Статкевіч, Павал Севярынец, якія маглі ўзначаліць пратэсты. У выніку такіх грубых мэтадаў былі зьбіта падпісная хваля, прыпынены ланцугі салідарнасьці. Нават калі не зарэгіструюць Бабарыку і Цапкалу, то наўрад ці паўстане Плошча.

Але пасьля такой перамогі Лукашэнка будзе адчуваць сябе вельмі дыскамфортна. Вось, выступаючы ў Салігорску, ён сказаў, што пасьля выбараў будзе вельмі цікава. Я ўбачыў тут такую схаваную пагрозу. Але трымацца на дубінках, рэпрэсіях — гэта вельмі дыскамфортны варыянт. Паколькі асноўныя праблемы краіны ня вырашаныя, то Беларусь будзе ліхаманіць і пасьля 9 жніўня.

Дракахруст: Ёсьць пэўная маральная праблема, якая абмяркоўвалася яшчэ пасьля 2010 году і цяпер абмяркоўваецца, у прыватнасьці, у Фэйсбуку. Тыя, хто кажа пра Плошчу — ці разумеюць яны адказнасьць за тых людзей, якіх заклікаюць і падстаўляюць пад дубінкі? Ці ёсьць тут праблема?

Карбалевіч: Гэтае пытаньне экзыстэнцыйнае. Гэта вечная маральная праблема. Якая цана свабоды? Якія ахвяры можна прынесьці на алтар свабоды? Гэта ня толькі беларуская, а агульначалавечая праблема.

Вось большая частка Заходняй Эўропы здалася Гітлеру бяз бою. У выніку захаваліся гарады, многія людзі засталіся жывыя. Іншыя народы супраціўляліся, у выніку перамаглі фашызм, але народы Савецкага Саюзу заплацілі за гэта 26 мільёнамі жыцьцяў, разбурэньнем вялізнай часткі краіны. Два падыходы да адной і той жа праблемы.

Я думаю, кожны народ у сытуацыі важных гістарычных біфуркацый, кожнае новае пакаленьне вырашае гэтае пытаньне па-свойму. Тут няма нейкіх агульных правіл, няма «правільных» адказаў на такое экзыстэнцыйнае пытаньне.

Плошча-2010, Менск, 19 сьнежня 2010

Класкоўскі: Рэжым спрабуе сваім апанэнтам, асабліва нацыянальна сьвядомай публіцы, падкінуць гэтую праблему ў іншай плашчыні. Улада цьвердзіць, што Ціханоўскі і Бабарыка — марыянэткі Крамля. Маўляў, вы, «сьвядомыя», каго хочаце падтрымаць?

Вось у Салігорску Лукашэнка казаў, што не выключае, што апанэнты паклічуць на дапамогу суседнюю дзяржаву. Намёк на Расею. Маўляў, калі будзеце тут ладзіць Майданы, то ў выніку прыедзе Пуцін на танку.

І перад людзьмі, якія хочуць перамен і адначасова выступаюць за незалежнасьць, паўстае дадатковая калізія.

Але калі сядзець склаўшы рукі, то нічога не памяняецца. Таму, па маіх асабістых уражаньнях, людзі, якія выступаюць за перамены, выбіраюць шлях барацьбы. Паводле прынцыпу: трэба рабіць што належыць, і хай будзе што будзе. Гэта правільная, маральная пазыцыя.

Бо, лічу, усе гэтыя ўладныя страшылкі перабольшаныя. Наўрад ці Пуцін толькі і думае, як на танку ўехаць у Беларусь. У яго сваіх праблем хапае. Вось нядаўна расейскі палітоляг Радзіхоўскі адзначыў, што ў Расеі не зразумеюць расейскую агрэсію супраць Беларусі.