Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі праводзіць праверку па «фактах супрацьпраўнай дзейнасьці» прэтэндэнта ў прэзыдэнты Валерыя Цапкалы, паведаміла Свабодзе прэс-сакратарка ведамства Вольга Чамаданава.
«Для правядзеньня дасьледчай праверкі да нас і ў Генэральную пракуратуру паступілі матэрыялы ад грамадзяніна Турэччыны аб фактах супрацьпраўнай дзейнасьці грамадзяніна Цапкалы. Цяпер праводзіцца праверка», — паведаміла Вольга Чамаданава.
Пра час, калі гэтыя матэрыялы паступілі ў МУС, Вольга Чамаданава сказала: «Ня ведаю».
Раней некалькі Telegram-каналаў напісалі, што заяву на Валера Цапкалу напісаў Сэдат Ігдэджы, турэцкі і беларускі бізнэсовец, уладальнік групы будаўнічых кампаній, якія ўдзельнічалі ва ўзьвядзеньні аб’ектаў Парку высокіх тэхналёгій, які раней узначальваў Цапкала.
У інтэрвію dev.by ён назваўся падрадчыкам, які будаваў дом Валеру Цапкалу за Нацыянальнай бібліятэкай, і заявіў, што за паслугі праектаваньня і будаўніцтва Цапкала яму нічога не заплаціў.
Памочнік Сэдата Ігдэджы ўдакладніў Радыё Свабода, што Ігдэджы зьяўляецца грамадзянінам Беларусі.
У штабе Валера Цапкалы паведамілі, што прэтэндэнт у кандыдаты ў ад’езьдзе, таму «пакуль камэнтароў ня будзе».
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.