З 1 ліпеня іншаземцы, якія знаходзяцца ў Беларусі менш за 10 дзён, больш не абавязаныя рэгістравацца ў органах унутраных спраў або Міністэрстве замежных спраў.
Гэта прадугледжана зьменамі ў Закон аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія набудуць моц 1 ліпеня, паведамляе МУС.
Цяпер іншаземцы могуць знаходзіцца ў Беларусі без рэгістрацыі ня больш за 5 сутак (акрамя расейцаў і грамадзян некаторых іншых краін-суседзяў), з 1 ліпеня тэрмін падоўжаць да 10 дзён.
Гатэлі, санаторыі, аграсядзібы цяпер ня будуць займацца рэгістрацыяй іншаземцаў, а будуць наўпрост інфармаваць органы ўнутраных спраў з дапамогай парталу электронных паслуг альбо іншым спосабам.
Тэрмін, на працягу якога іншаземцы павінны пры зьмене месца часовага знаходжаньня ці пражываньня зарэгістравацца па новым месцы, наадварот скараціўся. Раней на гэта адводзілі 5 сутак, без уліку рабочых і выходных дзён, з 1 ліпеня — 3 працоўныя дні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар эканомікі расказаў, як у Беларусі хочуць пашырыць бязьвізавы рэжымСярод іншых зьменаў у законе:
- Для высокакваліфікаваных замежных работнікаў прадугледзелі выдачу дазволу на часовае пражываньне тэрмінам да 2 гадоў, для іншых катэгорый — да 1 году.
- Атрымаць дазвол на сталае пражываньне ў Беларусі цяпер можна пасьля 3 гадоў часовага пражываньня замест 7 гадоў. Таксама з 7 да 5 гадоў панізілі тэрмін часовага пражываньня, неабходны для атрыманьня іншаземцамі віду на жыхарства ў Беларусі.
- Пашырылі пералік падставаў для атрыманьня дазволу на часовае пражываньне пры навучаньні ў Беларусі.
- З 1 ліпеня дазвол на часовае пражываньне могуць выдаваць ня толькі непаўналетнім дзецям іншаземца, але паўналетнім, калі яны прызнаныя непрацаздольнымі, не знаходзяцца ў шлюбе і знаходзяцца на ўтрыманьні бацькоў ці тых, хто іх усынавіў.
Пра ўсе зьмены і новаўвядзеньні можна пачытаць тут.