Затрыманага ў «справе Ціханоўскага» Васіля Баброўскага асудзілі ў Горадзенскім абласным судзе 29 чэрвеня. Ён удзельнічаў у адміністрацыйным працэсе праз Skype.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
45-гадовага Васіля Баброўскага затрымалі 29 траўня ў Горадні падчас пікету для збору подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую. Яму прад’явілі абвінавачаньне паводле часткі 1 артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх»). Цяпер ён знаходзіцца пад вартай у СІЗА № 1 на Валадарскага ў Менску. У яго трое дзяцей, у тым ліку непаўналетняя дачка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі ўжо 23 палітвязьні. Хто яныНядаўна стала вядома, што на Баброўскага склалі адміністрацыйныя пратаколы за дробнае хуліганства і непадпарадкаваньне міліцыі.
Як зачытаў судзьдзя Руслан Гурын, Баброўскі 29 траўня на Савецкай плошчы ў Горадні непрыстойна лаяўся, махаў рукамі, хапаў людзей за адзеньне; да таго ж адмовіўся падпарадкоўвацца міліцыянтам Шыманіцу і Навіцкаму, калі тыя папрасілі яго прайсьці ў машыну: супраціўляўся, вырываўся, упіраўся нагамі, спрабаваў уцячы.
Сьведкамі выступілі супрацоўнікі АМАПу Шыманіца і Навіцкі.
Баброўскі сваёй віны цалкам не прызнаў.
Суд прызначыў Баброўскаму за абодва артыкулы адміністрацыйны арышт агулам на 10 сутак. Тэрмін адбываньня пачаўся з моманту зьмяшчэньня Баброўскага ў ізалятар.
Суду па крымінальным артыкуле супраць Баброўскага яшчэ не было.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.
Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць
- Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
- У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
- Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
- Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».
- На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
- Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня 2020 году. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў зьняволеньня).
ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);
ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). Заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына;
ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
- Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
- ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.