Канапацкая падала дакумэнты на рэгістрацыю кандыдатам у прэзыдэнты. Якія даходы яна задэкляравала?

Ганна Канапацкая падала ў ЦВК дакумэнты на рэгістрацыю кандыдатам у прэзыдэнты. 29 чэрвеня 2020 году

Экс-дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая падала ў Цэнтарвыбаркам дакумэнты на рэгістрацыю кандыдатам у прэзыдэнты.

УЖЫВУЮ. Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Канапацкая сабрала за сваё вылучэньне больш за 110 тысяч подпісаў і заявіла, што ацэньвае свае шанцы быць ня толькі зарэгістраванай, але і выйграць выбары, як даволі высокія — «інакш ня трэба было ўвязвацца ў гэтую кампанію». Яна таксама лічыць, што мае сур’ёзную падтрымку ў грамадзтве.

«Тое, што я ня першы год у палітыцы, і ўся мая дзейнасьць, якую я ажыцьцяўляла, быўшы дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, сьведчаць пра тое, што падтрымка ёсьць», — цытуе Канапацкую Tut.by.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каго зарэгіструюць улады? Палітычны расклад пасьля збору подпісаў

На пытаньне пра тое, што некаторыя лічаць яе спойлерам Аляксандра Лукашэнкі, Ганна Канапацкая акдазала, што гэтыя людзі памыляюцца.


«У прыклад яшчэ раз прывяду ўсе тыя законапраекты і ўсе тыя дзеянні, якія я ажыцьцяўляла, быўшы дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. Усе тыя заявы, якія я рабіла пра легітымнасьць Палаты прадстаўнікоў, пра законнасьць правядзеньня выбараў 9 жніўня. І, напэўна, я адзіная з усіх палітыкаў, хто дазваляў сабе гаварыць, што ў Беларусі дыктатура, а ва ўладзе, адпаведна, знаходзіцца дыктатар», — адзначыла Канапацкая.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ярмошына: У выбарах працягваюць удзел 7 чалавек, у тым ліку Бабарыка

Экс-дэпутатка здала ў ЦВК і дэклярацыю аб даходах за 2019 год. У ёй пазначана, што за мінулы год дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў яна зарабіла 45 741 рубель.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.