11 кандыдатаў, можна галасаваць па пошце. У Польшчы абіраюць прэзыдэнта

Архіўнае ілюстрацыйнае фота. На выбарах у Польшчы

28 чэрвеня ў Польшчы праходзяць прэзыдэнцкія выбары, ужо сёмыя пасьля падзеньня камунізму ў краіне.

Першапачаткова плянавалася, што выбары пройдуць яшчэ 10 траўня, але галасаваньне перанесьлі праз пандэмію каранавірусу COVD-19. Рашэньне пра перанос выбараў прымалася на фоне вострай палітычнай палемікі.

На вышэйшую дзяржаўную пасаду ў Польшчы прэтэндуюць 11 кандыдатаў, усе — мужчыны. Фаварытам, паводле апытаньняў, зьяўляецца дзейны прэзыдэнт Анджэй Дуда, які прадстаўляе кіроўную нацыянал-кансэрватыўнай партыю «Закон і справядлівасьць».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сёньня ў Польшчы апошні дзень перадвыбарчай кампаніі. Хто сярод фаварытаў

Экспэрты кажуць, што ў гэтай кампаніі лічацца толькі:

  • цяперашні прэзыдэнт Анджэй Дуда
  • кандыдат ад апазыцыйнай Грамадзянскай кааліцыі Рафал Тшаскоўскі
  • Уладзіслаў Касіняк-Камыш з Польскай сялянскай партыі
  • беспартыйны кандыдат Шымон Галоўня
  • Кааліцыя нацыяналістаў «Канфэдэрацыі» — Кшыштаф Босак
  • Кандыдат Аб’яднаных левых сілаў Робэрт Бедрань

На думку назіральнікаў, дзейнаму прэзыдэнту ня ўдасца атрымаць перамогу ў першым туры, таму пераможца вызначыцца, верагодна, толькі пасьля другога тура галасаваньня праз два тыдні. Экспэрты прагназуюць, што ў другім туры Дуда хутчэй за ўсё будзе змагацца з Рафалам Тшаскоўскім, кандыдатам ад апазыцыйнай «Грамадзянскай плятформы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Слабы прэзыдэнт, выбарчая празрыстасьць, надзейная сацыялёгія. 7 адрозьненьняў польскіх прэзыдэнцкіх выбараў ад беларускіх

Права аддаць свой голас цяперашніх выбарах маюць больш за 30 мільёнаў палякаў, зь якіх 387 тысяч — за мяжой.

У сувязі з пандэміяй каранавірусу палякам, якія цяпер знаходзяцца на карантыне, а таксама іншым жадаючым, паводле папярэдніх заявак, дазволілі галасаваць па пошце. Па ўсёй краіне скарыстацца магчымасьцю дыстанцыйнага галасаваньня вырашылі 190 тысяч чалавек.

На выбарчых участках дзейнічаюць узмоцненыя санітарныя меры: захаваньне дыстанцыі ня менш за 1,5 мэтра, маскі і пальчаткі ў сябраў выбарчых камісій, сродкі дэзынфэкцыі для ўсіх. Выбаркам просіць людзей прыносіць свае асадкі.