Хлопца не прапусьцілі ў выбарчую камісію, ён запісаў відэазварот да Ярмошынай

Бабруйчанін Андрэй Карэлін зьбіраў подпісы за Віктара Бабарыку, пасьля спрабаваў трапіць у выбарчую камісію, але яго нават не пусьцілі на паседжаньне, дзе гэтае пытаньне вырашалася.

Андрэй Карэлін вырашыў стаць сябрам выбарчай камісіі на ўчастку №73 у Першамайскім раёне Бабруйску, паведамляе Tut.by.

Але на паседжаньне, дзе мусяць прымаць рашэньне аб уваходжаньні ў камісію Андрэя і яшчэ чатырох жыхароў Бабруйску, якія хацелі трапіць у выбарчыя камісіі, не пусьцілі. Нібыта, іх дакумэнты былі аформленыя няправільна.

У адказ на гэта Андрэй запісаў відэазварот да кіраўніцы Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзіі Ярмошынай.

«Лідзія Міхайлаўна, я паважаю вашую працу, дык чаму ж манастыр чужы, я нас вы называеце супрацьлеглым бокам. Мы што грамадзяне іншай краіны? Ці кампанія вядзецца не за народныя грошы? І чаму наогул «манастыр», выбары – гэта нешта закрытае?» – пытаецца Андрэй Карэлін.

Раней у адказ на неўключэньне людзей у выбарчыя камісіі Лідзія Ярмошына адказала:

«У чужы манастыр са сваім уставам ня ходзяць».

У склад участковых выбарчых камісій, створаных на тэрыторыі Беларусі, уключылі толькі 5 чалавек з ініцыятывы «Честные люди». Яшчэ сямёра трапілі ў камісіі, створаныя пры амбасадах па-за межамі краіны.
Усяго на плятформе «Честные люди» адзначыліся 2192 чалавекі, якія напісалі, што падалі заявы на ўключэньне ва ўчастковыя камісіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка расказаў, як дыктатура дапамагла разруліць праблему з пітной вадой