На тэлеканале СТВ паведамляюць, што на частцы тэрыторыі Менску якасьць водаправоднай вады ўжо адпавядае патрабаваньням, паведамілі ў праграме навінаў «24 гадзіны» на СТВ.
Намесьнік кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Дзьмітрый Круты ў эфіры СТВ заявіў, што ён мяркуе, што «да канца дня — пачатку раніцы вада будзе прыдатная для піцьця. Прынамсі, цяпер ужо грамадзяне могуць памыцца, выкарыстоўваць яе для нейкіх іншых патрэбаў».
Паводле Дзьмітрыя Крутога, «базавай вэрсіяй зьяўляецца тое, што падчас рамонтных працаў, калі замяняўся ўчастак водаправоду, вада, якая засталася, на працягу месяца або паўтара месяца ва ўмовах сьпёкі і пад уплывам іншых фактараў знаходзілася ў застойным стане. Калі ўвесь водаправод быў звараны, яна трапіла ў сыстэму, прайшоўшы праз адпаведныя сыстэмы ачышчэньня, з рэагентамі і іншае. Але, тым ня менш, выклікала такую сытуацыю».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вада ў Менску: чыноўнікі правялі брыфінг, піць «сьмярдзючую» ня вартаПаводле намесьніка кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта, канчатковыя прычыны будуць вызначаныя па выніках афіцыйнага расьсьледаваньня, пасьля атрыманьня ўсіх адпаведных аналізаў і заключэньняў службаў. Чыноўнік ня лічыць, што гэта «форс-мажор». Паводле яго, на фоне палітычнай кампаніі любая падзея разглядаецца пад павелічальным шклом, і «абсалютна шараговыя, штатныя сытуацыі, на жаль, выходзяць на такі ўзровень».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта кантактна-алергічны дэрматыт», — лекар-дэрматоляг пра раздражненьні скуры ад няякаснай вады- Праблема зь якасьцю водаправоднай вады ўзьнікла ў Менску 24 чэрвеня, калі жыхары Фрунзенскага і Маскоўскага раёнаў пачалі скардзіцца на зьедлівы пах з водаправоду. Ужываць ваду было немагчыма. «Менскводаканал» прамываў магістральныя сыстэмы водазабесьпячэньня.
- У той жа дзень Менскі гарадзкі цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі ўзяў пробы вады з сыстэмы цэнтралізаванага пітнога водазабесьпячэньня названых раёнаў. Была выяўленая неадпаведнасьць пітной вады санітарным нормам, але жыхарам сталіцы пра гэта стала вядома толькі праз суткі.
- У некалькіх раёнах гораду арганізавалі падвоз вады аўтацыстэрнамі, працягнулі рэжым працы трох пітных фантанаў, якія забясьпечваюцца з падземных крыніцаў. Мясцовыя жыхары мусілі стаяць па ваду ў доўгіх чэргах.
- За суткі «хуткая дапамога» выяжджала да 15 пацыентаў, якія зьвязвалі пагаршэньне свайго стану з ужываньнем вады.
- Генпракуратура паведаміла, што «ў сувязі са шматлікімі зваротамі грамадзянаў» праводзіцца «праверка выкананьня заканадаўства аб пітным водазабесьпячэньні».
- Праблему зь няякаснай вадой гарадзкія службы спрабавалі вырашыць на працягу 25 чэрвеня. Старшыня Менгарвыканкаму Анатоль Сівак заявіў, што прычыны праблемы пакуль не ўстаноўленыя.