Жонка сустаршыні Партыі БХД Паўла Севярынца Вольга апублікавала ў Фэйсбуку відэазварот да супрацоўнікаў міліцыі, судоў, ізалятараў і міністэрстваў.
«Я ўсё яшчэ веру, што сярод вас таксама ёсьць сумленныя людзі. Я бачу, як вы апускаеце вочы на незаконных судах, як у вас дрыжаць рукі, калі прыходзіш да вас са скаргай, я бачу на вашых руках заручальныя пярсьцёнкі, значыць, дома вас таксама чакае сям’я, і я ўпэўнена, што для сваіх жонак і дзяцей вы б хацелі быць прыкладам.
Я хачу сказаць: дзе б вы ні працавалі, спосаб застацца чалавекам ёсьць заўсёды. Можна занесьці асуджанаму ў карцар бутэльку вады, не выганяць родных з залі суду, не адпраўляць сфабрыкаваную справу на дапрацоўку, адвярнуцца, прамаўчаць, захварэць, звольніцца.
Вы — частка страшнай сыстэмы, і ў тым ліку дзякуючы вам яна спраўна працуе», — кажа Вольга ў звароце, згадваючы мужа Паўла, якога «ўжо 18 сутак ні за што трымаюць у нечалавечых умовах у карцары на Акрэсьціна».
Вольга Севярынец падкрэсьлівае ў звароце, што беларускія ўлады «вашымі рукамі» чыняць беззаконьне, саджаючы невінаватых, катуючы іх у турмах і ізалятарах, хапаючы людзей на вуліцы, даючы штрафы ні за што. Нягодны ўчынак нельга апраўдаць загадам, дадае яна.
«Вы цудоўна ведаеце, што людзі, якія цяпер выходзяць на вуліцы, ня жулікі і не бандыты, мы адукаваныя сумленныя людзі, у якіх забралі права выбіраць. І мы ня хочам больш баяцца», — кажа Вольга.
Яна заклікае супрацоўнікаў міліцыі, судоў, ізалятараў і міністэрстваў не баяцца і ня думаць, што ад іх нічога не залежыць, але стаць «у адзін шэраг» зь іншымі людзьмі. «І будзьце ўпэўненыя — людзі вас не пакінуць», — дадае яна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Севярынцу прысудзілі яшчэ 15 сутак. Сумарна — 90, зь іх 10 ужо правёў у карцары, парэзаў сабе рукуПаўла Севярынца затрымалі каля ягонага дома 7 чэрвеня. За некалькі гадзін да гэтага Севярынец удзельнічаў у выбарчым пікеце каля Камароўкі. 8 чэрвеня Паўлу прысудзілі 15 сутак арышту за ўдзел у несанкцыянаванай вулічнай акцыі. 15 і 18 чэрвеня палітыка дадаткова асудзілі яшчэ, агульны тэрмін зьняволеньня амаль дасягнуў 100 сутак. Празь відэасувязь падчас аднаго з працэсаў Севярынец паведаміў, што яго ўтрымліваюць у невыносных умовах і на знак пратэсту ён быў вымушаны пашкодзіць сабе руку. Цяпер Павал Севярынец, як і Мікола Статкевіч, — у турме на Акрэсьціна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У абарону Севярынца выступілі Згуртаваньне беларусаў сьвету і Саюз беларускіх пісьменьнікаў