Слабы прэзыдэнт, выбарчая празрыстасьць, надзейная сацыялёгія. 7 адрозьненьняў польскіх прэзыдэнцкіх выбараў ад беларускіх

Польскі прэзыдэнт Анджэй Дуда сустрэўся з Дональдам Трампам у Вашынгтоне 24 чэрвеня 2020, за чатыры дні да прэзыдэнцкіх выбараў у Польшчы

28 чэрвеня ў Польшчы пройдуць прэзыдэнцкія выбары, ужо сёмыя пасьля падзеньня камунізму ў краіне.

Ніжэй мы прапануем жменю інфармацыі пра выбарчы працэс і прэзыдэнцкія паўнамоцтвы ў Польшчы агулам ды сёлетнія прэзыдэнцкія выбары ў прыватнасьці, якую можна (і варта) параўнаць з выбарчай рэчаіснасьцю Беларусі.

1. Два тэрміны — і досыць

Войцех Ярузэльскі, прэзыдэнт Польшчы ў 1989-1990 гг.


За апошнія 30 гадоў у Польшчы зьмяніліся пяць прэзыдэнтаў. Цяперашні прэзыдэнт Анджэй Дуда быў абраны на агульных выбарах у 2015 годзе, як і чатыры яго папярэднікі: Лех Валэнса (1990), Аляксандар Квасьнеўскі (двойчы: 1995, 2000), Лех Качыньскі (2005), Браніслаў Камароўскі (2010). Першы прэзыдэнт посткамуністычнай Польшчы, генэрал Войцех Ярузэльскі, у выніку палітычнай дамоўленасьці паміж «Салідарнасьцю» і камуністамі, быў абраны парлямэнтам у 1989 годзе і прабыў на гэтай пасадзе да сьнежня 1990-га. Канстытуцыя Польшчы дазваляе аднаму чалавеку прабыць на пасадзе прэзыдэнта два пяцігадовыя тэрміны. Ніхто ў посткамуністычнай Польшчы не выступаў з прапановай зьмяніць гэтае правіла.

2. Прэзыдэнт слабейшы, чым парлямэнт і ўрад

Лех Валэнса, прэзыдэнт Польшчы ў 1990-1995 гг.


Канстытуцыя 1997 году вызначае палітычную сыстэму Польшчы як парлямэнцкую рэспубліку, у якой найбольшы ўплыў на палітычныя рашэньні мае заканадаўчая галіна ўлады, прадстаўленая дзьвюма палатамі: Сэймам і Сэнатам. У выканаўчай сфэры Кабінэт міністраў мае выразна большыя паўнамоцтвы, каб рэальна ўплываць на кіраваньне краінай, чым прэзыдэнт. Найважнейшы палітычны інструмэнт уплыву прэзыдэнта на палітычнае жыцьцё — права заканадаўчага вэта. Каб адолець прэзыдэнцкае вэта на законапраект, Сэйм патрабуе большасьці 3/5 галасоў. Акрамя вэта, прэзыдэнт надзелены правам прадстаўляць дзяржаву ў зьнешніх сувязях і кіраваць у мірны час Узброенымі сіламі празь міністра абароны.

3. Галасаваньне праходзіць у адзін дзень

Аляксандр Квасьнеўскі, прэзыдэнт Польшчы ў 1995-2005 гг.


У Польшчы няма працэдуры датэрміновага галасаваньня. Галасаваньне на прэзыдэнцкіх выбарах, як і на парлямэнцкіх, адбываецца за адзін дзень. На сёлетніх прэзыдэнцкіх выбарах выбарчыя ўчасткі ў Польшчы адчыняцца 28 чэрвеня а 7 гадзіне раніцы і зачыняцца а 9 гадзіне вечара. Але з увагі на каранавірусную пандэмію польскія ўлады сёлета далі магчымасьць грамадзянам прагаласаваць праз пошту. Дзеля гэтага выбарнікі павінны былі загадзя заявіць у свае выбарчыя ўчасткі пра такую форму галасаваньня, каб атрымаць поштай выбарчыя бюлетэні.

4. Падлік галасоў не выклікае сумневаў

Лех Качыньскі, прэзыдэнт Польшчы ў 2005-2010 гг. Загінуў у авіякатастрофе ў 2010


Дакладна так. Пасьля падліку галасоў і падпісаньня выбарчага пратаколу кожны выбарчы ўчастак вывешвае вынікі галасаваньня да публічнага ведама. Калі каму трэба, можна, прыклаўшы пэўныя арганізацыйныя намаганьні, але без палітычных ці юрыдычных перашкод, сабраць інфармацыю з усіх выбарчых участкаў і пераправерыць афіцыйныя вынікі, абвешчаныя цэнтральнай і рэгіянальнымі выбарчымі камісіямі. Але за апошнія 30 гадоў такія праверкі ў Польшчы нікому не спатрэбіліся.

5. Экзыт-полы і апытаньні даюць надзейныя прагнозы

Браніслаў Камароўскі, прэзыдэнт Польшчы ў 2010–2015 гг.


Як правіла, адразу пасьля заканчэньня галасаваньня на прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх выбарах польскія СМІ падаюць вынікі экзыт-полаў, якія ў дзень выбараў праводзяць дзьве ці тры сацыялягічныя службы. Афіцыйныя вынікі выбараў падаюцца звычайна на другі або трэці дзень пасьля галасаваньня, але пераможцы выбараў, дзякуючы вынікам экзыт-полаў, вядомыя ўжо празь некалькі хвілін пасьля закрыцьця выбарчых участкаў. Польскія экзыт-полы даволі добра вызначаюць выбарчыя вынікі. Лішне казаць, што розныя сацыялягічныя службы ў Польшчы беспраблемна праводзяць і публікуюць апытаньні і падчас выбарчай кампаніі. Такія публікацыі (як і сама выбарчая прапаганда) забароненыя толькі ў апошнія суткі перад днём галасаваньня.

6. 11 кандыдатаў у 2020-м

Мэр Варшавы Рафал Тшаскоўскі, які лічыцца найбольш сур'ёзным апанэнтам Анджэя Дуды на прэзыдэнцкіх выбарах 2020


Патрэбную для рэгістрацыі колькасьць подпісаў у падтрымку сваёй кандыдатуры — 100 тысяч — на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году сабралі 11 чалавек. Пералічваць прозьвішчы ўсіх кандыдатаў, мабыць, ня варта, але адзначым найважнейшых: Анджэй Дуда (47 год, дзейны прэзыдэнт, фармальна беспартыйны кандыдат, якога падтрымлівае кіроўная партыя «Права і справядлівасьць»), Рафал Тшаскоўскі (48, кандыдат партыі «Грамадзянская плятформа»), Вальдэмар Віткоўскі (66, кандыдат левай «Уніі працы»), Шыман Галоўня (43, беспартыйны), Робэрт Бедрань (44, кандыдат кааліцыі левых сілаў), Уладыслаў Касіняк-Камыш (38, кандыдат ад Сялянскай партыі), Кшыштаф Босак (37, кандыдат нацыяналістычнай «Канфэдэрацыі Свабода і Незалежнасьць»). Усе 11 кандыдатаў і сябры іхных выбарчых камандаў — на свабодзе.

7. Ня выключаны другі тур

Паводле сацыялягічных апытаньняў, у сёлетніх прэзыдэнцкіх выбарах у Польшчы спатрэбіцца другі тур: дзейны прэзыдэнт Анджэй Дуда не набярэ 50% галасоў выбарнікаў 28 чэрвеня, а ў другім туры 12 ліпеня будзе змагацца, хутчэй за ўсё, з Рафалам Тшаскоўскім, кандыдатам ад апазыцыйнай «Грамадзянскай плятформы».