Суд прызнаў расейскага рэжысэра Сярэбранікава вінаватым у махлярстве

Кірыл Сярэбранікаў сярод журналістаў у залі суду, 26 чэрвеня 2020

Мяшчанскі раённы суд Масквы прызнаў рэжысэра Кірыла Сярэбранікава вінаватым у махлярстве ў асабліва буйным памеры ў справе «Сёмай студыі».

Працэс выклікаў вялікі грамадзкі рэзананс у Расеі. Перад пачаткам судовага паседжаньня каля будынка суду сабраліся дзясяткі людзей, каб падтрымаць абвінавачаных.

Кірыла Сярэбранікава затрымалі ў Санкт-Пецярбургу 22 жніўня 2019 году і перавезьлі ў Маскву, дзе зьмясьцілі пад хатні арышт.

Сярэбранікаў, былы генэральны прадусар «Сёмай студыі» Аляксей Малабродзкі, генэральны дырэктар кампаніі Юры Іцін і былая дырэктарка дэпартамэнту дзяржаўнай падтрымкі мастацтва і народнай творчасьці Міністэрства культуры Расеі Соф’я Апфэльбаўм абвінавачваюцца ў крадзяжы 133 з 216 млн рублёў, выдзеленых на тэатральны праект «Плятформа» ў 2011–2014 гг.

22 чэрвеня пракурор запатрабаваў:

  • Шэсьць гадоў і штраф у 800 тысяч рублёў для Сярэбранікава.
  • Пяць гадоў і 300 тысяч рублёў штрафу — для Малабродзкага.
  • Чатыры гады калёніі і штрафы па 200 тысяч рублёў — для Іціна і Апфэльбаўм.

Усе выстаўленыя абвінавачаньні падсудныя адпрэчваюць.