На Ігара Лосіка, аднаго з адміністратараў тэлеграм-каналу «Беларусь галаўнога мозгу», завялі крымінальную справу, паведаміла БелаПАН яго жонка Дар’я.
Ігар Лосік быў затрыманы 25 чэрвеня пасьля ператрусу ў яго кватэры. Справа заведзена паводле артыкулу 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Ён знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня (ІЧУ) на Акрэсьціна. Цяпер родныя займаюцца пошукам адваката.
Абноўлена. Адвакат атрымаў удзень 26 чэрвеня паведамленьне аб прыняцьці ім даручэньня абараняць Ігара Лосіка, паведаміў Telegram-канал блогера Антона Матолькі. Гэта значыць, што адвакат прынамсі мусіць прысутнічаць на ўсіх сьледчых і працэсуальных дзеяьнях з удзелам Ігара Лосіка, тлумачыць канал. Таксама адвакат мае права азнаёміцца з працэсуальнымі дакумэнтамі і пратаколамі сьледчых дзеяньняў, якія праводзіліся раней.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрымалі адміністратара «РБ головного мозга» Ігара Лосіка. У яго правялі ператрус«Да самага вечара мы ня ведалі, дзе Ігар і што зь ім. Пазьней патэлефанаваў дзяжурны са Сьледчага камітэту і паведаміў, што ён на Акрэсьціна і можна прынесьці яму перадачу. А сёньня ўжо сказалі, што нельга, бо праводзіцца санітарная апрацоўка будынку», — расказала Дар’я.
На просьбу БелаПАН пракамэнтаваць сытуацыю з затрыманьнем Ігара Лосіка прадстаўнік Сьледчага камітэту Сяргей Кабаковіч адказаў, што пакуль ня мае ніякай інфармацыі. Як зьявіцца, будзе апублікаваная на сайце ведамства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гэльсынская камісія ЗША: Беларускія ўлады зрабілі свабодныя выбары немагчымыміПаводле артыкулу 342 КК абвінавачваецца таксама аўтар youtube-каналу «Краіна для жыцьця» Сяргей Ціханоўскі. Акрамя таго, блогера абвінавачваюць паводле артыкулу 191 КК (перашкода ў выбарах). Ціханоўскі знаходзіцца ў менскім СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага.
На телеграм-канал «Беларусь галаўнога мозгу» падпісаны 167 тысяч чалавек. Апошнія месяцы канал актыўна асьвятляе падзеі вакол выбарчай кампаніі, у тым ліку публікаваў відэа з удзелам відавочцаў затрыманьняў падчас «ланцугу салідарнасьці» ў Менску і іншых гарадах 18 і 19 чэрвеня, затрыманьняў каля сталічнай крамы Symbal.by 23 чэрвеня.