Сусьветная арганізацыя здароўя (САЗ) асьцерагла, што ў Эўропе пачаўся рост новых выпадкаў захворваньня на каранавірус.
Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
«На мінулым тыдні ў Эўропе зафіксавалі ўпершыню за апошнія месяцы рост колькасьці выпадкаў (COVID-19 — РС), зарэгістраваных за адзін тыдзень», — сказаў дырэктар Эўрапейскага рэгіянальнага бюро САЗ Ганс Клюге на прэс-канфэрэнцыі 25 чэрвеня.
Паводле Клюге, 30 эўрапейскіх краінаў за апошнія два тыдні выявілі паскарэньне тэмпу прыросту новых выпадкаў захворваньня на каранавірус. На яго думку, гэты ўсплёск выкліканы зьмякчэньнем карантынных абмежаваньняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітыкі і праваабаронцы: крызіс ад пандэміі пагражае дэмакратыіУ прыватнасьці, удакладніў Клюге, у 11 краінах Эўропы «паказьнікі перадачы вірусу ўзрасьлі настолькі, што калі ў сувязі з гэтым ня будуць прынятыя неадкладныя захады ў адказ, то сыстэмы аховы здароўя ў рэгіёне зноў апынецца на мяжы каляпсу». Да гэтых краін належаць:
- Украіна (рост 64% за два апошнія тыдні)
- Малдова (71%)
- Азэрбайджан (46%)
- Армэнія (21%)
- Казахстан (44%)
- Кіргізстан (241%)
- Швэцыя (32%)
- Босьнія і Герцэгавіна (149%)
- Паўночная Македонія (57%)
- Альбанія (133%)
- Ізраіль (122%)
Паводле зьвестак САЗ, у Эўропе да гэтага часу зафіксавалі 2,6 мільёна выпадкаў захворваньня на COVID-19 і 195 тысяч сьмерцяў ад інфэкцыі. Гэта чацьвёртая частка глябальных выпадкаў захворваньня і амаль 40% сьмерцяў ад інфэкцыі ў сьвеце.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ