На ініцыятыву Міжнароднага інстытуту дэмакратыі і садзейнічаньня выбарам і Нацыянальнага фонду дэмакратыі ЗША больш за 500 вядомых палітыкаў, грамадзкіх дзеячаў, ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі і лідэраў праваабарончых арганізацый падпісалі адкрыты ліст, у якім папярэдзілі, што аўтарытарныя рэжымы могуць выкарыстоўваць пандэмію для ўмацаваньня сваёй улады і задушэньня крытыкі.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
У лісьце гаворыцца, што нават некаторыя дэмакратычна выбраныя кіраўнікі сёньня канцэнтруюць у сваіх руках надзвычайныя паўнамоцтвы, абмяжоўваючы правы чалавека і ўзмацняючы дзяржаўны нагляд. На думку аўтараў ліста, пандэмія выклікала да жыцьця палітычны крызіс, які пагражае будучыні лібэральнай дэмакратыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША заклікаў Беларусь паважаць грамадзянскія правыАкцыю падтрымалі каля 70 праваабарончых і грамадзкіх арганізацый, сярод якіх Transparency International, Фонд Конрада Адэнаўэра і World Movement for Democracy. Таксама ліст падпісалі некалькі сотняў палітычных і грамадзкіх дзеячаў, у тым ліку 13 ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі і больш за 60 былых кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў.
«Задушэньне свабоды слова, адпраўка ў турму мірных нязгодных і адмена выбараў на няпэўны час — усё гэта нічым не дапаможа ў ахове здароўя», — гаворыцца ў лісьце.
Падпісанты адзначаюць, што пандэмія не выпадкова пачалася ў Кітаі, дзе душаць свабоду слова і перасьледуюць тых, хто спрабаваў гаварыць пра пашырэньне вірусу.
«Выкліканы COVID-19 крызіс — гэта трывожны званок, настойлівае папярэджаньне, што свабоды, якія мы шануем, пад пагрозай, і мы не павінны прымаць гэта як мае быць», — гаворыцца ў лісьце.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.