Ужо сёньня: дзень памяці ахвяраў, расстраляных НКВД каля Ігумену

Акцыя памяці расстраляных НКВД ў 1941 годзе ў Чэрвені (Ігумене). Здымак 2011 году

Падзеі 26 чэрвеня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

26 чэрвеня 1941 году супрацоўнікі НКВД расстралялі 5 тысяч палітвязьняў, прыгнаных зь менскай ды іншых турмаў ва ўрочышча Цагельня каля сучаснага Чэрвеня (Ігумену). Пры гэтым крымінальнікаў супрацоўнікі НКВД адпусьцілі.

Таксама ў гэты дзень

1938 — адбыліся выбары ў Вярхоўны Савет Беларускай ССР першага скліканьня.

1945 — прадстаўнікі 50 дзяржаваў-заснавальніц падпісалі Статут Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Сярод іх была і БССР.

1953 — у Маскве праз абвінавачаньне ў арганізацыі «сталінскіх рэпрэсій» быў адхілены ад усіх пасадаў і арыштаваны Лаўрэнці Бэрыя.

1963 — прэзыдэнт ЗША Джон Кэнэдзі выступіў у Бэрліне са славутай прамовай з нагоды 15-годзьдзя «Бэрлінскага паветранага мосту».

25 чэрвеня 1948 году падчас савецкай блякады Заходняга Бэрліну ў межах халоднай вайны быў адкрыты паветраны мост, з дапамогай якога амэрыканская і брытанская авіяцыя забясьпечвала харчаваньнем насельніцтва гораду. Савецкая блякада працягвалася да 1949 году.

1974 — выйшаў указ прэзыдыюму Вярхоўнага Савету СССР аб наданьні Менску званьня «Горад-герой».

1984 — увялі ў эксплюатацыю ўчастак першай (Маскоўскай) лініі Менскага мэтрапалітэну.

Станцыя мэтро «Кастрычніцкая», архіўнае фота

У гэты дзень нарадзіліся

1897 — Лявон Савёнак, беларускі літаратар. Пісаў пад псэўданімам Лявон Крывічанін. У эміграцыі быў адным з заснавальнікаў і першым рэдактарам газэты «Бацькаўшчына», рэдагаваў газэту «Беларус», уваходзіў у камісію для перакладу на беларускую мову Бібліі.

1908 — Сальвадор Альендэ, прэзыдэнт Чылі

1909 — Антон Адамовіч, беларускі літаратуразнаўца, гісторык, празаік. У 1920-х пісаў пра творчасьць сучасных яму беларускіх літаратараў, у тым ліку манаграфічнае дасьледаваньне пра творчасьць Максіма Гарэцкага. Уваходзіў у літаб’яднаньне «Ўзвышша». З 1960 жыў у ЗША. Тады ж стаў адным з кіраўнікоў радыёстанцыі «Свабода».

1926 — Мікалай Паўленка, беларускі мовазнаўца.

1934 — беларускі архітэктар Юры Градаў. Вядомасьць і прызнаньне (Ленінская прэмія 1970 г.) прынесьлі яму мэмарыяльныя комплексы «Хатынь», «Прарыў» (Ушацкі р-н), «Кацюша» (Орша), помнікі Я. Купалу і Я. Коласу ў Менску. Градаў быў таксама кіраўніком праекту генэральнага пляну і забудовы цэнтра Менску.

1941 — Уладзімер Куляшоў, беларускі актор, народны артыст Беларусі. На сцэне тэатру імя Якуба Коласа стварыў вобраз Кастуся Каліноўскага ў аднайменнай п’есе Ўладзімера Караткевіча.

У памяці

1808 — Людвік Тышкевіч, граф, дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага.

2010 — Альгірдас Бразаўскас, (н. 1932), Першы сакратар кампартыі Літоўскай ССР, Старшыня Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету Літоўскай ССР, прэзыдэнт Літвы, прэм’ер-міністар Літвы.

2018 — памерла жонка Барыса Кіта Тамара Казевіч.

Барыс Кіт і Тамара Казевіч. Гісторыя каханьня