На блогера Ігара Лосіка завялі крымінальную справу за арганізацыю масавых беспарадкаў

Ігар Лосік, архіўнае фота

На затрыманага 25 чэрвеня адміністратара суполкі «РБ головного мозга» і фрылансэра-кансультанта Радыё Свабода Ігара Лосіка завялі крымінальную справу па артыкуле за арганізацыю масавых беспарадкаў, паведаміла Свабодзе жонка затрыманага Дарʼя Лосік.​

Паводле крымінальнага артыкула 342 Ігару Лосіку пагражае да трох гадоў турмы.

Ігар Лосік знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня на завулку Акрэсьціна ў Менску.

«Патэлефанаваў дзяжурны сьледчы і распавёў, што далі дзяжурнага адваката», — напісала Свабодзе Дарʼя Лосік.

Ігара Лосіка затрымалі 25 чэрвеня пасьля ператрусу ў яго кватэры.

На канал «РБ головного мозга» падпісана 167 тысяч чалавек. Ён актыўна асьвятляе падзеі вакол маючых адбыцца выбараў прэзыдэнта Беларусі, у тым ліку апошнія затрыманьні падчас «ланцуга салідарнасьці» ў Менску і іншых гарадах 18 і 19 чэрвеня. На гэтых акцыях людзі патрабавалі вызваліць з-пад варты кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі Віктара Бабарыку і яго сына Эдуарда, а таксама відэаблогера Сяргея Ціханоўскага. Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», па краіне за чатыры дні было затрымана больш за 360 чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску затрымалі паплечніка Статкевіча. Сьведкі кажуць, яго зьбілі

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўніца Радыё Свабода патрабуе вызваленьня блогера Ігара Лосіка