У Расеі людзі перакрылі трасу празь перабоі з водазабесьпячэньнем

У пасёлку Сыбірская Даліна пад Барнаулам мясцовыя жыхары перакрылі трасу, паведамляе Сибирь.Реалии. Пратэстоўцы дамагаюцца вырашэньня сытуацыі з пастаяннымі перабоямі ў водазабесьпячэньні.

«Вада, па-першае, дрэннай якасьці, і самы дарагі тарыф у горадзе. Напору днём няма, а ўвечары вады ў кране наогул няма. Адміністрацыя ўжо год ніяк не рэагуе, адны адпіскі», — напісала жыхарка Сыбірскай Даліны Тацяна ў пабліку «ЎКантакце» «Инцидент Барнаул».

Пасёлак разьмешчаны побач з галоўнай паўднёвай магістральлю Барнаула.

Позьнім вечарам 24 чэрвеня жыхары пасёлку сабраліся каля пешаходнага пераходу і пачалі часта пераходзіць па ім дарогу, утварыўся затор. Ноччу пратэстоўцы, каля сотні чалавек, цалкам перакрылі тракт. На месца прыбылі некалькі экіпажаў паліцыі, але сутыкненьняў з супрацоўнікамі органаў не было.

Пратэстоўцы разышліся толькі раніцай.