Рэдакцыя сайту «Беларускі партызан» была вымушаная зьвярнуцца ў Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі з прычыны DDoS-атакі на сайт у апошнія дні, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Як сказалі ў «Партызане», атака пачалася яшчэ на мінулым тыдні. Спачатку сайт атакавалі з замежных IP-адрасоў, а пазьней — зь беларускіх. Каб спыніць напад, «Беларускі партызан» вымушаны быў зьмяніць IP-адрас, а ўладальніца дамэннага імя Сьвятлана Калінкіна афіцыйна зьвярнулася з заявай у Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі з просьбай спыніць незаконныя дзеяньні супраць рэсурсу.
Паводле інфармацыі Калінкінай, Упраўленьне раскрыцьця злачынстваў у сфэры высокіх тэхналёгій правяло праверку па заяве, але вынік яе пакуль невядомы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На сайт «Радыё Рацыя» адбылася DDoS-атакаРаней пра DDoS-атаку на сайт 24 чэрвеня паведаміла «Радыё Рацыя». Цягам дня падчас спробы зайсьці на інфармацыйны рэсурс Racyja.com у браўзэры зьяўлялася паведамленьне «error 521». Гэтая памылка ўзьнікае, калі вэб-сэрвэр раптоўна губляе сувязь з сэрвісам CloudFlare. Шматлікія інтэрнэт-рэсурсы выкарыстоўваюць гэты сэрвіс для дадатковай абароны ад DDoS-атак і хутчэйшага ладаваньня зьместу сваіх сайтаў. 25 чэрвеня працу сайта аднавілі.
У ноч на 25 чэрвеня перастаў адкрывацца вэб-сайт выданьня «Наша ніва». Некаторыя карыстальнікі казалі, што сайт адкрываецца толькі праз апэратара МТС у Беларусі. За межамі краіны сайт таксама недасяжны. Тым часам на старонцы дамэнных зонаў .by і .бел паведамляецца, што дамэн nn.by «недасяжны для рэгістрацыі» і «будзе рэалізаваны праз дабрачынны аўкцыён».
Пазьней выданьне паведаміла ў Instagram, што «часова страціла» дамэн nn.by, але спрабуе разабрацца ў прычынах. Падрабязьней абяцаюць паведаміць, калі «будзе поўнае разуменьне сытуацыі».
26 чэрвеня «Наша Ніва» аднавіла працу на новым дамэне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Наша ніва» страціла дамэн Nn.by