Улады стэрылізавалі ўчастковыя выбарчыя камісіі, не дапусьціўшы ў іх склад нікога, хто ня быў спэцыяльна для гэтага адабраны. Такое меркаваньне выказаў нацыянальны каардынатар кампаніі назіраньня «Права выбару» Леў Марголін.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
Кампанію «Права выбару» праводзяць восем палітычных і грамадзкіх сілаў. Гэта БСДП (Грамада), Партыя БНФ, Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская партыя «Зялёныя», рух «За свабоду», Беларуская хрысьціянская дэмакратыя, Партыя свабоды і прагрэсу, незалежны прафсаюз РЭП.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лічыць галасы давяраюць выключна „вялікай пяцёрцы“ праўладных арганізацыяў», — праваабаронца«Амаль ніколі ва ўчастковыя камісіі не ўключаліся ў вялікай колькасьці прадстаўнікі апазыцыйных партый і грамадзяне, якія самастойна зьбіралі подпісы і спрабавалі туды трапіць, — сказаў Леў Марголін. — Але тое, што адбылося цяпер, можна ахарактарызаваць фразай: „Чужыя тут ня ходзяць“. Калі ў 2018–2019 гадах лічылі, колькі прадстаўнікоў апазыцыйных партый трапіла ў камісіі ў агульным вылічэньні і працэнтных суадносінах, то цяпер няма чаго і лічыць: практычна нікога з прадстаўнікоў кампаніі „Права выбару“ ва ўчастковых камісіях няма».
Паводле Марголіна, адрозьненьне цяперашніх прэзыдэнцкіх выбараў ад выбарчых кампаній ранейшых гадоў таксама ў тым, што сёньня шмат грамадзянскіх ініцыятываў вылучаліся ў камісіі шляхам збору подпісаў. Такіх людзей, па яго падліках, было больш за 3 тысячы. Аднак у камісіі трапілі ня больш за дзясятак. І то, па ўсім відаць, выпадкова, — адзначыў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Партыя БНФ: Склад участковых камісій не дазваляе правесьці сумленныя выбары«Камісіі — гэта тыя, хто робіць выбары. Мы з вамі памятаем знакаміты выраз, запазычаны Лідзіяй Ярмошынай: „Ня важна, як галасуюць, важна, як лічаць“. Цяпер выразна бачым, хто будзе лічыць нашы галасы, і прыкладна разумеем, чаго яны хочуць гэтым дамагчыся», — заявіў Леў Марголін.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.