РИА Новости: «Прэзыдэнт Беларусі ні з кім ня меў зносінаў»

Падчас параду ў Маскве. Прэзыдэнт Таджыкістану Эмамалі Рахмон, прэзыдэнт Малдовы Ігар Дадон, прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, лідэр непрызнанай Абхазіі Аслан Бжанія, прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка. 24 чэрвеня 2020

Аляксандар Лукашэнка паўдзельнічаў у парадзе ў Маскве, прысьвечаным перамозе ў Другой усясьветнай вайне. Туды кіраўнік Беларусі прыехаў з трыма сынамі.

На трыбуне параду Аляксандар і Мікалай Лукашэнкі сядзелі ў першым шэрагу, непадалёк ад прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, а старэйшы і сярэдні сыны кіраўніка Беларусі Віктар і Дзьмітры — у другім шэрагу.

Кіраўніка Беларусі пасадзілі на трыбуне да Пуціна бліжэй, чым іншых лідэраў дзяржаваў. Лукашэнка з сынам сядзеў праваруч Пуціна, паміж імі быў адзін вэтэран, паміж Пуціным і прэзыдэнтам Казахстану Касым-Жамратам Такаевым — два вэтэраны.

Вітаючы гасьцей параду на галоўнай трыбуне, Пуцін не падаў рукі Мікалаю Лукашэнку. Мікалай стаяў у шэрагу вэтэранаў, і Пуцін паціснуў рукі толькі вэтэранам.

На сьвяткаваньне прыехалі кіраўнікі Беларусі, Казахстану, Сэрбіі, Малдовы, Узбэкістану, Кіргізстану.​ Пры гэтым прэзыдэнты Расеі, Малдовы, Узбэкістану і Сэрбіі былі з георгіеўскімі стужкамі, Лукашэнка — са стужкай колераў дзяржаўнага сьцяга Беларусі, Такаеў — са значкай бяз стужкі.

Падчас шпацыру зь іншымі кіраўнікамі дзяржаваў па Краснай плошчы Аляксандар Лукашэнка сказаў прысутным, што прыехаў «у сталіцу радзімы».

Выказваньне Лукашэнкі зафіксавала камэра расейскага інфармацыйнага агенцтва РИА Новости. Калі прысутныя на трыбунах пачалі дзякаваць кіраўнікам дзяржаваў за прыезд на парад, Лукашэнка адказаў: «У сталіцу радзімы прыехалі! Пераможам, выстаім, не хварэйце!».

РИА Новости паведамляе, што Лукашэнка застаўся ўбаку падчас размоваў Пуціна з кіраўнікамі дзяржаваў, якія прыехалі на парад.

Паводле агенцтва, перад ускладаньнем кветак да магілы Невядомага салдата Пуцін коратка перагаварыў з прэзыдэнтамі Казахстану, Узбэкістану, Малдовы і Таджыкістану.

«Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка ўвесь гэты час трымаўся ззаду, ні з кім ня меў зносінаў», — піша агенцтва.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці ня стане парад у Маскве апошнім для Лукашэнкі на пасадзе кіраўніка краіны? Аналіз

Прэсавы сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў не адказаў на пытаньне, ці паразмаўлялі кіраўнікі Беларусі і Расеі падчас сёньняшняга сьвяткаваньня.

Прэс-аташэ амбасады Беларусі ў Маскве Алег Мазура паведаміў, што Аляксандар Лукашэнка наведаў усе тры афіцыйныя мерапрыемствы сьвяткаваньня — парад, ускладаньне вянкоў да магілы Невядомага салдата і прыём ад імя прэзыдэнта Расеі, пасьля чаго адбыў у Менск.