«Тут таксама ёсьць жыцьцё». Гарадзенец, які паклаў міліцыянта на зямлю, напісаў ліст з-за кратаў

Яўген Разьнічэнка, затрыманы па «справе Ціханоўскага», напісаў ліст з «амэрыканкі». Ён просіць дапамагчы яму лекамі, газэтамі і пісаць яму лісты.

Яўгена Разьнічэнку затрымалі ранкам 30 траўня ў Горадні пасьля мітусьні на Савецкай плошчы, калі міліцыянт апынуўся на зямлі. Яўген, як ён пасьпеў расказаць Свабодзе, — менавіта той чалавек, які дапамог участковаму Ўладзімеру Казлоўскаму прызямліцца.

Яўген Разьнічэнка адразу пасьля затрыманьня

«Ён проста на мяне ўпаў, а я яго ўжо падхапіў адпаведна, каб ня даць чалавеку ўдарыцца аб нешта», — тлумачыў гарадзенец.

Па ягоных словах, бойкі не было, супрацоўнік МУС сам упаў на яго.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ён проста на мяне ўпаў». Мужчына патлумачыў, чаму акуратна паклаў на зямлю міліцыянта ў Горадні
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што вядома пра міліцыянта, які ўпаў на пікеце Ціханоўскай у Горадні

Яўгену Разьнічэнку 35 гадоў, ён будаўнік. Нядаўна вярнуўся з працы ў Расеі. Бацька ў яго памёр, маці жыве ў Горадзенскай вобласьці. Цяпер ён у СІЗА на Валадарскага. Адтуль і напісаў ліст свайму сябру, уласьніку горадзенскай крамы «Адметнасьць» Сяргею Верамеенку. Ліст, напісаны 6 чэрвеня, ішоў каля двух тыдняў. Сяргей падзяліўся зьместам ліста з чытачамі Свабоды.

Сяргей Верамеенка атрымаў ліст ад зьняволенага Яўгена Разьнічэнкі

«Вось і занесла мяне доля за краты»

Агульны тон ліста аптымістычны, відаць, што Яўген трымаецца.

«Вось і занесла мяне доля за краты. Значыцца, гэта мой лёс. Але я не сумую. Тут таксама ёсьць жыцьцё», — піша ён.

Агульны тон ліста аптымістычны

Яўген дзякуе сям’і Сяргея і Вольгі Верамеенкаў за падтрымку вязьняў.

Праўда, адначасна прызнае, што ў СІЗА ня ўсё пазытыўна.

«Думак у галаве няшмат, больш сьлёз пры напісаньні лістоў», — адзначае ён.

Ліст ад Яўгена Разьнічэнкі

Яўген хоча, каб пра тое, што адбылося ў Горадні 29 траўня, даведалася як мага больш людзей. Ён просіць, каб людзі пісалі яму са словамі падтрымкі, пажадана па-беларуску. Каб хутчэй атрымаць адказ, Яўген прапануе ўкладаць у ліст дадатковы пусты канвэрт. Прызнаецца, што фінансавая сытуацыя ў яго ня вельмі добрая. Пасьля сьмерці бацькі засталося шмат даўгоў, маці выплачвае крэдыт, сястра мае неўзабаве нарадзіць, таму і сваякам складана яму дапамагаць грашыма.

Праз гэта ж ён мае патрэбу ў падпісцы на газэты, каб даведацца, што адбываецца ў краіне. Цяпер ёсьць магчымасьць чытаць толькі «Народную Волю».

Яўген просіць дасылаць яму лісты, прэсу і дапамагчы зь лекамі

Да таго ж Яўген просіць дапамагчы яму набыць украінскую мазь ад псарыязу «Бетасалік», якая каштуе 5 рублёў. На месяц ідзе 4–5 цюбікаў. Цяпер у ягонай хваробы пэрыяд абвастрэньня. У СІЗА ён таксама праходзіць курс лекаваньня, але, піша, гэта ня вельмі добра дапамагае.

«Усе мы ведаем, за што змагаемся і да чаго ідзем», — зьвяртаецца Яўген да чытачоў у лісьце.

Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».

  • На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
  • Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня 2020 году. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў зьняволеньня).

ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);

ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). Заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына;

ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).