24 чэрвеня спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэньня беларускага празаіка, драматурга, публіцыста, мовазнаўцы Кузьмы Чорнага (сапраўднае імя — Мікалай Раманоўскі). Свабода выбрала 10 цікавых фактаў пра яго.
Кузьма Чорны (1900–1944) — стваральнік інтэлектуальнай прозы ў Беларусі. Якуб Колас называў яго «беларускім Кнутам Гамсунам». Першы беларускі савецкі пісьменьнік, які ў сваім дзёньніку пакінуў сьведчаньні пра зьверствы НКВД.
Сваёй мэдытатыўна-паэтычнай прозай, дзе галоўнае — ня востры сюжэт, а настрой, унутраны стан чалавека, яго пачуцьці і думкі, эстэтычна паўплываў на Івана Мележа («Людзі на балоце»), Міхася Стральцова («Смаленьне вепрука»), Янку Брыля («Ніжнія Байдуны»), Івана Чыгрынава («Плач перапёлкі»).
У сталінскія часы нямала крытыкаваў афіцыёзныя газэты, радыё, тэатар за кепскую беларускую мову. Незадоўга да сьмерці бедаваў, што «беларускай інтэлігенцыі... ужо няма», а тыя, што носяць яе імя, «сьціраюць з нашага жыцьця беларускі характар».
Адзін зь нямногіх беларускіх клясыкаў, які пакінуў па сабе беларускамоўных нашчадкаў (дачка, унук).

Рэдкалегія часопісу «Ўзвышша». Сядзяць: Кузьма Чорны, Уладзімер Дубоўка, Кандрат Крапіва. Стаяць: Адам Бабарэка, Язэп Пушча. 1927 г.
1. Ідэалістычна марыў пра час, калі ўсе беларусы стануць творцамі
Скульптару Заіру Азгуру Кузьма Чорны казаў: «Я глыбока перакананы... што ў кожным чалавеку жыве мастак, хоць і ў розных маштабах. У адным ён вельмі бурна... выяўляецца, а ў другім — так і застаецца нявыяўленым... Трэба выцягваць гэтага мастака, якога б маштабу ён ні быў. І тады жыцьцё нашага грамадзтва зробіцца нашмат прыгажэйшае. І ня будзе розьніцы паміж творцам і нятворцам. Усе будуць творцамі» (Заір Азгур. Кузьма Чорны / Незабыўнае. Менск, 1962).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 20 нечаканых фактаў пра Заіра Азгура2. Зьдзіўляў парадаксальнасьцю мысьленьня
Чытаючы Кузьму Чорнага, міжволі дзівісься яго нечаканым параўнаньням і мэтафарам:
- «...смутак... як густата ночы пад грузным натоўпам хмар» («Новыя людзі»);
- «...чорная постаць Насьці, няясная ўночы, як голас хворага дзіцяці...» («Па дарозе»);
- «...уявілася, што вароны пахнуць ветрам, а вецер... мокрымі кустамі» («Буланы»);
- «Прайшоў, як цень... як праходзяць апошнія маразы ўвесну...» («Сьцены»);
- «Плыў водар павольнага кананьня травы і кветак» («Верасьнёвыя ночы»);
- «Нос яго, як вясёлая птушачка, варушыўся на твары»,
- «Неба было нейкае гумарыстычна-бруднае» (раман «Сястра»);
- «У маўчаньні яны моцна прыціснуліся адно да аднаго і разышліся, несучы ў сабе вялікую буру радаснай трывогі»,
- «У садзе пад нагамі шумела маўчаньнем лісьце»,
- «...з дна рэчак, чыстых і ціхіх, як конскае вока» (раман «Зямля»).
Кузьма Чорны. 1925 г.
3. Мог паўтарыць трагічны лёс Максіма Багдановіча
Як вядома, маці аўтара «Вянка» памерла ад сухотаў, ад гэтай жа хваробы ў 1917 годзе сканаў і сам паэт. У адной з аўтабіяграфій Кузьмы Чорнага чытаем: «Маці памерла ў 1921 г. ад сухотаў, на 45-м годзе жыцьця... Увосень 1923 г... у мяне зьявіліся першыя адзнакі туберкулёза. Я быў пасланы ў Крым на лячэньне. Мне ўдалося вылечыцца». (Кузьма Чорны. Аўтабіяграфія).
4. Другая грамадзянская жонка ледзьве не давяла яго да пятлі
Паводле паэта Віктара Жыбуля: «...у Слуцку... адбылося знаёмства Іды Чырвань з Кузьмой Чорным. ...празаік... прыехаў у гэты горад 24 верасьня 1925 г., каб выступіць у Доме культуры... Неўзабаве... Іда Чырвань ужо шыла сабе вясельную сукенку, а 13 лістапада... 1925 г... пераехала ў Менск» (Віктар Жыбуль «Закахалася гораду шумам...» Штрыхі да біяграфіі Іды Чырвань // Роднае слова. 2016, № 10).
Паводле вэрсіі жонкі Язэпа Пушчы Станіславы Плашчынскай, «Іда стала сябе дрэнна паводзіць. Завяла непрыгожыя знаёмствы. Кузьма пра гэта даведаўся і хацеў павесіцца, яго ледзьве ўратавалі» (Станіслава Плашчынская. З дзён далёкіх і блізкіх / Язэп Пушча. Збор твораў. Т. 2. Менск, 1994).
Паводле вэрсіі Жыбуля, «...Кузьма Чорны пасьля кароткай успышкі страсьці першы ахладзеў у пачуцьцях да сваёй абраньніцы і ўспрыняў усё як „злы рок“, нейкую фатальную памылку» (Роднае слова. 2016, № 10).
Пісьменьнік пачаў ад яе ўцякаць. А яна жадала застацца з каханым. У выніку ў Чорнага пачаліся псыхалягічныя праблемы. У гэты пэрыяд ён пісаў Адаму Бабарэку (студзень 1926 г.): «Я ёй (Ідзе Чырвань. — РС) высылаў бы кожны месяц грошы, каб яна не даводзіла мяне толькі да самагубства...» (Лісты Кузьмы Чорнага да Адама Бабарэкі / Кузьма Чорны. Чалавек — гэта цэлы сьвет. Менск, 2016).
5. Усё жыцьцё наракаў на кепскае здароўе
У 1923 годзе студэнтам разгружаў і калоў дровы на вакзале (ня меў стыпэндыі). «Ня еўшы два дні і пакалоўшы церазь сілу дроў, захварэў кішэчнай хваробай» (Аўтабіяграфія (1926 г.) / Кузьма Чорны. Збор твораў. Т. 1. Менск, 1988).
Іда Чырвань называла яго ў 1925 годзе «...змораным хваробай чалавекам, які думае, што дні яго пералічаны, і ён кожны дзень паўтарае: „Каб ты ведала, Іда, як я жыць хачу“...»
Кузьма Чорны. 1925 г.
У кастрычніку 1938 году яго арыштоўваюць і восем месяцаў катуюць у засьценках НКВД, што самым згубным чынам адлюстравалася на яго здароўі. У дзёньніку (3.10.1944) ён успамінаў: «У яжоўскай турме ў Менску ўвосень 1938 г. мяне саджалі на кол, білі вялікім жалезным ключом па галаве і палівалі зьбітае месца халоднай вадой, паднімалі і кідалі на рэйку, білі паленам па голым жываце, устаўлялі ў вушы папяровыя трубы і раўлі ў іх на ўсё горла, уганялі ў камэру з пацукамі...» (Кузьма Чорны. Дзёньнік).
У 1942 г. ён перажывае першы інсульт, а 22 лістапада 1944 г. — другі, які стаў фатальным. У дзень сьмерці запісаў: «У мяне ўжо няма 70% здароўя. Я гіну і не магу выкарыстаць як бы трэба было свой талент...» (Кузьма Чорны. Дзёньнік).
6. Цанава вызваліў Чорнага з турмы, каб той сьведчыў супраць Купалы, Коласа і Бядулі
Уладзімер Някляеў піша: «Пра тое, як у канцы 1930-х і ў пачатку 1940-х хацелася кампэтэнтным органам расправіцца з ужо абрыдлым ім Купалам, сьведчыць запіска таго ж Л. Цанавы з прапановай вызваліць з-пад арышту Кузьму Чорнага для «использования его по вскрытию и разоблачению нац.-фашистского формирования в Белоруссии». І каго ж «разоблачать», хто там сярод фашыстаў?.. «Романовский Н.К., — піша далей Цанава, — был завербован в нац.-фашистскую организацию Я. Купалой, Я. Колосом и Бедулей, которые в настоящее время находятся на свободе... о чем в своих показаниях на суде Романовский будет делать упор и ссылаться на последних...» (Уладзімер Някляеў. Шлях / Выбраныя творы. Менск, 2010).
Ці сьведчыў пісьменьнік супраць сваіх калег — невядома. У дзёньнікавых запісах і размовах Чорны згадваў, што «Доўгія годы мяне мучыла ГПУ-НКВД», а пасьля вызваленьня з турмы ў чэрвені 1939-га заяўляў, што многія яго «прызнаньні» здабываліся пры дапамозе гвалту.
Кузьма Чорны, пачатак 1940-х гг.
7. Купляў дружбу Пятра Глебкі абедам і выпіўкай
У дзёньніку (9–13.08.1944) занатаваў: «У мінулую восень, калі я пераехаў жыць у „Якар“, і зімою я так прагнуў, каб ён (Пятро Глебка. — РС) да мяне заходзіў! Мне была радасьць, калі я бачыў, як зьяўлялася ў маіх дзьвярах яго мілая галава. Тым большая была мая радасьць, што гэта было пасьля цяжкай хваробы (першы інсульт. — РС), калі ня вельмі часта заходзілі да мяне нават і тыя, што цеснай дружбай былі зьвязаны са мною праз многа год. Вядома, з хворым быць нецікава, гарэлкаю ён не частуе. Дык каб Нонік (мянушка Глебкі, якую даў яму Чорны. — РС) не акідаў мяне, я прыдумаў карміць яго ў кожную нядзелю абедам. Значыцца, ужо раз на тыдзень я мог гаварыць зь ім. Абедаць прыходзіў ён ахвотна. Выходзіла, што хоць адзін друг не адвярнуўся ад мяне, калі я станавіўся пасьля хваробы на ногі! Тады я, узрадаваны, пачаў часта частаваць яго гарэлкай. Дык ён вельмі ахвотна заходзіў часта» (Кузьма Чорны. Дзёньнік).
8. На ягоым малюнку — мёртвае дрэва абвілося вакол жывога і як бы душыць яго
Малюнак Кузьмы Чорнага, 1940-я гг. (Нацыянальная бібліятэка Беларусі)
Дачка Рагнеда Раманоўская згадвала: «Ён няблага маляваў, звычайна пяром. Захаваліся яго малюнкі на рукапісах ваеннага часу. Так, напрыклад: дрэва, а вакол яго абвіваецца другое, агрэсіўнае...» (Рагнеда Раманоўская: «Вакол бацькі раіліся людзі» / Кузьма Чорны. Чалавек — гэта цэлы сьвет. Менск, 2016).
9. Сваёй дачцэ ў 1928 годзе даў імя Рагнеда
Кузьма Чорны з дачкой Рагнедай, 1938 г. (Нацыянальная бібліятэка Беларусі)
Паводле ўспамінаў дачкі: «...Усе вырашылі, што я буду Ірынай. А бацька пайшоў ды запісаў Рагнедаю. Але дома мяне звалі Іраю...» (Рагнеда Раманоўская: «Вакол бацькі раіліся людзі» / Кузьма Чорны. Чалавек — гэта цэлы сьвет. Менск, 2016).
Унук Мікалай Раманоўскі казаў: «Калі мая мама нарадзілася, то менская радня, па жонцы, хацела, каб назвалі яе Ірынай. Але ў ЗАГСе дзед запісаў яе Рагнедай. І згодна з пашпартам яна заставалася Рагнедай. Ірынай была для менш знаёмых... Сама сябе яна ўсьведамляла як Рагнеду. А калі потым у старасьці хрысьцілася, то ўзяла імя, якое брала пры хрышчэньні і гістарычная Рагнеда. Так стала яшчэ і Анастасіяй» (Светлана Денисова. Любовь Кузьмы Чорного // Женский журнал. 2013. № 11).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ВОСТРАЯ БРАМА. СТАРЫ НОВЫ ГОД З РАГНЕДАЙ РАМАНОЎСКАЙ
10. У засьценках НКВД сэрцам адчуў сьмерць бацькі
Паводле ўспамінаў дачкі Рагнеды: «Калі бацьку забралі ў 1938-м... то дзеду майму — Каролькам яго звалі ў вёсцы — не сказалі пра сына. Аднак ён дачуўся-такі і, не хварэўшы, памёр: мабыць, ня вынес душэўнага ўзрушаньня. Бацька, як выйшаў, сам назваў гэтае чысло: як адчуў усё роўна ў турме» (Рагнеда Раманоўская: «Вакол бацькі раіліся людзі» / Кузьма Чорны. Чалавек — гэта цэлы сьвет. Менск, 2016).
Дзякуй за дапамогу пры падрыхтоўцы матэрыялу Міколу Раманоўскаму, Віктару Жыбулю, Паўлу Каралёву
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзе канчаецца прорва