Лідэр беларускага рок-гурту J:Морс Уладзімер Пугач на сваёй старонцы ў Фэйсбуку выказаўся ў падтрымку рэфэрэндуму за Канстытуцыю 1994 году, прапанаванага патэнцыйным кандыдатам на прэзыдэнта Віктарам Бабарыкам, які цяпер знаходзіцца ў зьняволеньні ў турме КДБ.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
Уладзімер Пугач піша, што звычайна ён не выказваецца пра палітыку, да таго ж у Фэйсбуку апошні ягоны пост быў два гады таму, але цяпер вырашыў публічна заявіць сваю пазыцыю.
«Мая дачка — аднагодка нашай Канстытуцыі, не мутанта 1996 году, а Канстытуцыі, прынятай у 1994 годзе. Апошнім часам мы зь ёй часта і падоўгу абмяркоўваем падзеі ў краіне. На днях яна спытала, чаму я пра гэта не пішу публічна...
Гэты год асаблівы. Для плянэты, для Беларусі і для мяне асабіста... Я ніколі не разумеў заклікаў проста «тапіць супрацьбязьмежжа. Таму што размытая мэта, якая аб’ядноўвае. Таму што становіцца незразумела, а ў чым канкрэтна нашае «ЗА», калі асядае пыл і праходзіць «зыбкая аднадушнасьць вайны».
Але, у гэтым годзе, упершыню за доўгі час, у публічны полі зьявіліся людзі, якія думаюць канструктыўна, выразнымі катэгорыямі. Зусім новыя людзі са сьвежымі ідэямі, максымальна канкрэтнай і актуальнай павесткай. Людзі, якія шмат у чым думаюць, як я. І я ім паверыў. У мяне зьявілася гэтае самае ЗА, якога не хапала доўгі час...
Я адчуваю гішпанскі сорам за тое, як у маёй краіне дзяржава бесцырымонна і сьпехам ліквідуе палітычных канкурэнтаў...
Я адчуваю сябе абражаным, калі мяне называюць «народцам» і зьневажаюць нашых жанчын.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ініцыятыўную групу канстытуцыйнага рэфэрэндуму, прапанаванага Бабарыкам, запісалася больш за 7500 чалавекЯ адчуваю лютасьць за самадурства, за тое, як маіх суайчыньнікаў налева і направа хапаюць на вуліцах, зьбіваюць за мірнае выказваньне грамадзянскай пазыцыі. Мяркуючы па незьлічоных рэпартажах, робяць гэта з задавальненьнем. Вось што ў іх у галовах? Братцы, рана ці позна, усё скончыцца. Як вы суседзям у вочы глядзець будзеце, вядома, калі вам наогул дадуць такую магчымасьць?
Я адчуваю непакой за блізкіх. Мая дачка жыве ў цэнтры гораду. Я ведаю яе характар і пазыцыю. Яна спакойна можа апынуцца сярод хлопцаў, якіх нахабна і незаконна людзі ў цывільным зацягваюць у машыны. Ёсьць тыя, хто проста праходзілі міма, ішлі дадому, выходзілі з кафэ, праяжджалі на ровары...
Я дарослы чалавек і многае бачыў. І зараз я заяўляю, што мне страшна. Гэта як страх перад стыхіяй. Ці, хутчэй, падобна да майго дзіцячага ўспаміну, калі ў мяне на вачах з кукурузнага поля вылятаюць дзікі, ратуючыся ад камбайнаў. Ляцяць у жаху, зьмятаючы ўсё на сваім шляху.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Улада пачала баяцца і біцца ў канвульсіях», — рэжысэрка «Ўтрыманак» і «Крышталю» пра беларускія выбарыА яшчэ я адчуваю гонар за дачку і яе пакаленьне. За тое, якія яны моцныя, мэтанакіраваныя і, нягледзячы ні на што, свабодныя. Яны дакладна ведаюць, чаго яны хочуць. І яны возьмуць сваё.
А рабіць што? Жыць па сумленьні і па законе. Напрыклад, выкарыстоўваць сваё законнае права на рэфэрэндум... І я буду побач з дачкой і з тымі, хто актыўна праяўляе сваю грамадзянскую пазыцыю. Усім любові».
Перасьлед Віктара Бабарыкі і яго прыхільнікаў. Што важна ведаць
- Віктара Бабарыку абвінавацілі ў «адмываньні» сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (па частцы 2 арт. 235 КК), і атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры (па частцы 3 арт. 430 КК).
- У крымінальнай справе «Белгазпрамбанку» 122 тамы. Справу разглядаў Вярхоўны суд у будынку суду Маскоўскага раёну.
- 22 сакавіка абарона Бабарыкі заявіла пярэчаньні на прад’яўленыя абвінавачаньні, бо апісаньне, якое ёсьць у іх, не дазваляла ў дастатковай ступені зразумець, у якіх менавіта дзеяньнях абвінавачанага Бабарыкі ўгледзілі злачынства, заявіў адвакат Дзьмітры Лаеўскі. Таксама ён адзначыў, што ў абвінавачаньні няма апісаньня інкрымінаваных дзеяньняў з указаньнем часу, месца, спосабу, іншых абставінаў іх учыненьня. Адвакат папрасіў далучыць да матэрыялаў справы дакумэнт, у якім выклаў «дэфэкты абвінавачаньня».
- Віктар Бабарыка віны не прызнае.
Хроніка перасьледу
- 10 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка даручыў заняцца праверкамі прыватных кампаніяў, якія нібыта звальняюць тых, хто адмаўляецца ставіць подпісы за вылучэньне альтэрнатыўных кандыдатаў. Ён загадаў «прашарсьціць гэтых пузатых буржуяў, каб яны несьлі адказнасьць за людзей».
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній, у знаёмых патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі прайшлі ператрусы. Камітэт дзяржкантролю заявіў аб завядзеньні крымінальных спраў за адмываньне грошай і ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
- Віктар Бабарыка назваў гэта атакай на яго асабіста, хоць сам у справе тады не фігураваў, і заявіў пра «палітычны характар» дзеяньняў сьледчых, якія ня маюць прамога кампрамату на яго.
- 11 чэрвеня арыштавалі каардынатарку выбарчага штабу Бабарыкі Сьвятлану Купрэеву па абвінавачаньні ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
- 12 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што Бабарыка таксама датычны да справы, маўляў, «гэта адна шайка-лейка». Праз 4 гадзіны Дзяржкантроль заявіў, што мае доказы датычнасьці былога банкіра да злачынстваў.
- Фігурантамі «справы „Белгазпрамбанку“» сталі каля 20 чалавек.
- 15 чэрвеня Нацыянальны банк прызначыў у «Белгазпрамбанку» часовую адміністрацыю на чале з Надзеяй Ермаковай. Расейскія акцыянэры банку («Газпромбанк» і «Газпром») назвалі гэтае рашэньне незаконным.
- 17 чэрвеня ўлады арыштавалі без тлумачэньняў выбарчы фонд Віктара Бабарыкі з 100 тысячамі рублёў на рахунку.
- 18 чэрвеня затрымалі Віктара Бабарыку і яго сына Эдуарда Бабарыку — кіраўніка ініцыятыўнай групы. У дамах сям’і Бабарыкаў прайшлі ператрусы.
- Кіраўнік КДК Іван Тэртэль назваў Бабарыку «непасрэдным арганізатарам» «махлярскай схемы з адмываньнем грошай» з удзелам былых і дзейных топ-мэнэджараў «Белгазпрамбанку».
- 19 чэрвеня праваабаронцы прызналі палітвязьнямі Віктара, Эдуарда Бабарыкаў і затрыманых сябраў ініцыятыўнай групы.
- Штаб Бабарыкі падрыхтаваў да здачы 435 тысяч подпісаў.
- 20 чэрвеня адвакаты падалі пакет дакумэнтаў для рэгістрацыі Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзыдэнты.
- 2 ліпеня стала вядома, што Бабарыку вінавацяць па трох фінансавых артыкулах Крымінальнага кодэксу.
- 14 ліпеня ЦВК адмовіў Віктару Бабарыку ў рэгістрацыі празь неадпаведнасьць прадстаўленай дэклярацыі аб даходах і маёмасьці.
- 10 кастрычніка Лукашэнка сустрэўся зь Віктарам Бабарыкам і іншымі палітвязьнямі ў СІЗА КДБ.
- 17 лютага 2021 году пачаўся суд над Віктарам Бабарыкам і былымі супрацоўнікамі «Белгазпрамбанку». На працэс не пусьцілі нікога зь незалежных журналістаў.
- 6 ліпеня Бабарыку асудзілі на 14 гадоў пазбаўленьня волі. Вырак вынес судзьдзя Ігар Любавіцкі. Бабарыка не прызнаў віны, ягоныя абаронцы яшчэ раз заявілі аб палітычных матывах справы.
- 12 ліпеня стала вядома, што Бабарыку этапавалі ў ПК №1 у г. Наваполацак.
- 12 кастрычніка з ізалятараў выйшлі некалькі чалавек, затрыманых у справе «Белгазпрамбанку». Ім зьмянілі меру стрыманьня, але іншыя падрабязнасьці справы невядомыя.
- У кастрычніку 2023 году арганізацыя былых сілавікоў BelPol паведамляла, што Віктар Бабарыка ў калёніі мае праблемы з сэрцам. Паводле інфармацыі арганізацыі, Бабарыку нанесьлі «сур’ёзныя цялесныя пашкоджаньні», прычым зрабілі гэта людзі, якія не адносяцца да пэрсаналу наваполацкай калёніі, дзе той сядзіць.