Супрацоўнікаў газэты «Ганцавіцкі час» і сайту «Першы рэгіён» Сяргея Багрова і Аляксандра Пазьняка, затрыманых у Ганцавічах увечары 20 чэрвеня падчас трансьляцыі стыхійнай акцыі «Ланцуг салідарнасьці», асудзілі 22 чэрвеня ў Баранавічах, паведамляе БелаПАН.
Паводле інфармацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), падчас асьвятленьня акцыі ў горадзе іх затрымалі супрацоўнікі міліцыі, зьбілі, а пазьней абвінавацілі ў непадпарадкаваньні законным патрабаваньням міліцыі (арт.23.4 КаАП) і ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (ч. 1 арт. 23.34 КаАП).
БАЖ падкрэсьлівае незаконнасьць абвінавачаньняў, бо міліцыя ня мела права затрымліваць журналістаў, якія выконвалі закон і сваю працу — вялі трансьляцыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Галоўны рэдактар «Ганцавіцкага часу» расказаў пра зьбіцьцё журналістаў міліцыяйГалоўны рэдактар газэты «Ганцавіцкі час» Пятро Гузаеўскі запатрабаваў вызваліць журналістаў і заявіў, што падае скаргу на дзеяньні міліцыі. Паводле яго, да журналіста ўжывалі меры фізычнага ўзьдзеяньня, яму пагражалі, абражалі, пры затрыманьні прыціскалі каленам да асфальту.
22 чэрвеня высьветлілася, што справу затрыманых журналістаў будзе разглядаць суд Баранавіцкага раёну — за 80 кілямэтраў ад Ганцавічаў.
У судзе Аляксандар Пазьняк пацьвердзіў, што падчас затрыманьня міліцыянеры ўжывалі да ягофізычнае ўзьдзеяньне. У журналіста сіняк пад вокам.
Пазьняк заявіў, што вінаватым сябе ня лічыць, бо ў акцыі ня ўдзельнічаў, а выконваў журналісцкі абавязак — вёў трансьляцыю зь месца падзеяў.
Рэдактар пацьвердзіў, што накіроўваў здымачную групу працаваць у цэнтар гораду.
Судзьдзя прызнала Аляксандра Пазьняка вінаватым паводле двух названых артыкулаў КаАП і прызначыла пакараньне па 15 базавых велічыняў, у суме 810 рублёў. Рашэньне можна абскардзіць цягам 10 дзён у Берасьцейскім абласным судзе.
Каля 21-й гадзіны скончыўся суд над Сяргеем Багровым. Ён атрымаў 15 содняў арышту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуская асацыяцыя журналістаў і звыш 40 незалежных СМІ запатрабавалі спыніць перасьлед журналістаўБАЖ і рэдакцыі недзяржаўных мэдыя выступілі з сумеснай заявай, у якой патрабуюць спыніць перасьлед журналістаў і абмежаваньне свабоды выказваньня думкі. «На працягу ўсяго двух дзён — 19 і 20 чэрвеня — у Беларусі затрымалі падчас выкананьня прафэсійных абавязкаў як мінімум 14 журналістаў, — зазначаецца ў дакумэнце. — Прычым большасьць затрыманых мелі пасьведчаньні журналістаў, як таго патрабуе заканадаўства аб СМІ, і гатовыя былі прад’явіць іх на патрабаваньне, а таксама былі вельмі прыкметна абазначаныя як супрацоўнікі СМІ адпаведнымі камізэлькамі і бэджамі».
«Патрабуем даць праўную ацэнку дзеяньням прадстаўнікоў сілавых структураў пры затрыманьні журналістаў і перашкодзе іх дзейнасьці; прыцягнуць вінаватых да адказнасьці на падставе арт. 198 Крымінальнага кодэксу, які прадугледжвае адказнасьць за перашкоду ў якой бы ні было форме законнай прафэсійнай дзейнасьці журналіста альбо прымус яго да пашырэньня ці адмовы ад пашырэньня інфармацыі, учыненыя з ужываньнем гвалту ці з пагрозай яго ўжываньня, зьнішчэньнем ці пашкоджаньнем маёмасьці, ушчамленьнем правоў і законных інтарэсаў журналіста», — гаворыцца ў дакумэнце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуская асацыяцыя журналістаў і звыш 40 незалежных СМІ запатрабавалі спыніць перасьлед журналістаўСумесную заяву акрамя БАЖ падпісалі інфармацыйная кампанія БелаПАН, Радыё Свабода, «Эўрапейскае радыё для Беларусі», партал TUT.by, інтэрнэт-часопіс CityDog.by, інтэрнэт-выданьні «Наша Ніва», «Салiдарнасць», Hrodna.life, газеты «Новы Час», «Народная Воля», «Комсомольская правда в Белоруссии», «Рэгіянальная газета», «Брестская газета», «Белгазета», інтэрнэт-рэсурсы «Беларускі партызан», REFORM.by, By.tribuna.com, Onliner.by, Flagshtok.info, тэлеканал «Белсат», dev.by, Media-Polesye.by, «Прессбол» і шэраг іншых мэдыярэсурсаў краіны. Сьпіс падпісантаў адкрыты.
Найбліжэйшым часам заяву накіруюць ў дзяржаўныя органы, уключаючы адміністрацыю прэзыдэнта,Міністэрства інфармацыі, Міністэрства ўнутраных справаў і Камітэт дзяржаўнай бясьпекі.