Малады чалавек зь Менску выклаў відэа ў Instagram, дзе падрабязна апісаў сваё затрыманьне 19 чэрвеня. Разам зь ім у міліцэйскім мікрааўтобусе апынулася цяжарная дзяўчына-мэдык, кажа ён.
Свабода зьвярнулася па камэнтар да прэс-службы гарадзкой міліцыі. Афіцыйная прадстаўніца менскай міліцыі Натальля Ганусевіч заявіла:
«У Савецкім РУУС 19 чэрвеня ніхто з затрыманых жанчын не быў з бачнымі прыкметамі цяжарнасьці і ніхто не казаў, што цяжарны. Усіх затрыманых жанчын адпусьцілі».
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
У Instagram зьявілася відэа, дзе малады хлопец падрабязна апісвае сваё затрыманьне ўвечары 19 чэрвеня. Яго затрымалі па дарозе да мэтро на Кастрычніцкай плошчы. У пратэсьце ён ня ўдзельнічаў.
З словаў хлопца, поруч зь ім у міліцэйскім мікрааўтобусе сярод затрыманых апынулася цяжарная дзяўчына, якая працуе ў лякарні, прымае аналізы. Яна — мэдык.
Хлопец апісвае, што пасьля затрыманьня і катаньня па горадзе іх адвезьлі ва ўпраўленьне ўнутраных спраў адміністрацыі Савецкага раёну. Да 4-й раніцы яны стаялі тварам да сьцяны.
«Цяжарная дзяўчына стаяла да 4-й раніцы, без вады, без магчымасьці выйсьці ў прыбіральню», — расказвае хлопец.
У пратаколе яму напісалі, што ён «удзельнічаў у несанкцыянаваным пікеце і выкрыкваў лёзунгі». Пратаколу хлопец не падпісаў, бо яго не было каля філярмоніі на плошчы Якуба Коласа.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На «ланцугу салідарнасьці» ў Менску затрымалі анколяга. Родным сказалі, што суд будзе закрытым ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Проста ляжу на асфальце, вакол ходзяць хлопцы з АМАП». Як у Менску затрымалі гітарыста гурту Intelligency ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 45 тысяч рублёў штрафаў, 77 сутак арышту. Суды за «ланцугі салідарнасьці» 22 чэрвеняПрэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.