У выбарах прэзыдэнта Беларусі пасьля этапу збору подпісаў за вылучэньне ў кандыдаты працягваюць удзел сем чалавек, паведаміла агенцтву «Інтэрфакс-Захад» старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына 22 чэрвеня.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
«Сем чалавек здалі подпісы на праверку», — сказала Ярмошына.
Паводле яе, здалі сабраныя подпісы
- Аляксандар Лукашэнка, дзейны кіраўнік Беларусі,
- Віктар Бабарыка, зьняволены экс-кіраўнік «Белгазпрамбанку»,
- Валер Цапкала, экс-кіраўнік Парку высокіх тэхналёгіяў,
- Сьвятлана Ціханоўская, жонка зьняволенага блогера Сяргея Ціханоўскага,
- Ганна Канапацкая, экс-дэпутатка Палаты прадстаўнікоў,
- Андрэй Дзьмітрыеў, сустаршыня грамадзкага абʼяднаньня «Гавары праўду»,
- Сяргей Чэрачань, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада».
Ярмошына таксама адзначыла, што дакладную колькасьць здадзеных подпісаў ад кожнага прэтэндэнта вызначаць у выніку праверкі. «Праверка будзе завершаная 30 чэрвеня», удакладніла яна.
Паводле Ярмошынай, на раніцу 22 чэрвеня поўны пакет дакумэнтаў для рэгістрацыі падаў толькі штаб Бабарыкі.
Гэта яшчэ ня значыць, што яны кандыдаты
Сам факт падачы дакумэнтаў, як і збор 100 тысяч подпісаў, ня значыць, што кандыдата зарэгіструюць.
Цягам 10 дзён па завяршэньні прыёму падпісных аркушаў (гэта было 19 чэрвеня) подпісы будуць правяраць на сапраўднасьць. Калі пацьвердзяць сапраўднасьць 100 тысяч подпісаў і ня знойдуць іншых парушэньняў, кандыдата маюць зарэгістраваць.
Рэгістрацыя кандыдатаў у ЦВК будзе трываць ад 5 да 14 ліпеня ўключна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апошні дзень збору подпісаў на выбарах у Беларусі — 19 чэрвеня. Што чакаецца далей
Што з астатнімі
Да збору подпісаў дапусьцілі 15 ініцыятыўных групаў.
Тры патэнцыйныя кандыдаты заявілі, што самі здымаюцца з выбараў: Алег Гайдукевіч, Натальля Кісель і Юрась Губарэвіч.
Уладзімер Няпомняшчых падтрымаў ідэю «кандыдатаў пратэсту» Міколы Статкевіча, а Вольга Кавалькова і Мікалай Казлоў абвяшчалі (разам з Губарэвічам) стратэгію байкоту далейшых этапаў кампаніі.
Алесь Таболіч і Юры Ганцэвіч прызнавалі, што не сабралі 100 тысяч подпісаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пра каранавірус: «Самае страшнае, каб пад гэты шумок нас не прыбралі» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ярмошына: Група Ціханоўскага выкарыстала збор подпісаў, накіраваўшы яго на зьмену ўладыПрэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.