Лукашэнка пра каранавірус: «Самае страшнае, каб пад гэты шумок нас не прыбралі»

Аляксандар Лукашэнка выступае ў Берасьцейскай крэпасьці, 22 чэрвеня

Аляксандар Лукашэнка 22 чэрвеня ўзяў удзел у цырымоніі, прысьвечанай гадавіне пачатку Вялікай айчыннай вайны — нападу Нямеччыны на Савецкі Саюз у 1941 годзе ў працяг Другой усясьветнай вайны. Урачыстасьць пачалася ў Берасьцейскай крэпасьці ў 4 раніцы.

У прамове Лукашэнка, як перадае ягоная прэс-служба, сярод іншага заявіў:

  • «На жаль, ня ўсе грамадзяне гэтых цяпер ужо незалежных дзяржаваў (былога СССР. — РС) бачаць сябе нашчадкамі той гераічнай гісторыі. Вельмі шкада. У нашчадкаў здраднікаў свая праўда і свая перамога, якую яны сёньня мерацца атрымаць перш за ўсё на ідэалягічным фронце. Тым, якія прайгралі, і зрынутым патрэбны рэванш (каму менавіта, не ўдакладняў. — РС). Іхныя ініцыятывы ўжо сталі часткаю дзяржаўнай палітыкі асобных краінаў. Але я глыбока перакананы, што народная памяць пераможа і ў нашы дні».
  • «Мы бачым, як нават у тых краінах, дзе Дзень Перамогі забаронены (Свабодзе не ўдалося знайсьці такія краіны. — РС), людзі нясуць кветкі да помнікаў савецкім ваярам і бясстрашна працягваюць адзначаць гэтае сьвята. Бо памяць пра герояў, якія выратавалі многія краіны ад рабства і генацыду, — гэта тое, што ляжыць у аснове нацыянальнага гонару ўсіх, хто зьяўляецца і лічыць сябе нашчадкамі пераможцаў, Перамогі».
  • «Як толькі мы гэта (падзеі Другой усясьветнай вайны. — РС) забудзем, мы зноў акунемся ў хаос, раздрай, дэстабілізуем краіну, мы народзім новую вайну».
  • «Катастрофы ніякай, але абараніць мы павінны тое, што маем. Расслабляцца ні ў якім разе нельга. Я вас папярэджваў два-тры месяцы таму, што гэтая так званая пандэмія гэтым ня скончыцца. Камусьці яна вельмі на руку. Хутка ўбачыце, каму. Хоць ужо і цяпер гэта бачым (каму, усё ж не сказаў. — РС). Будзе ціск сур’ёзны, перш за ўсё эканамічны. Бо ваяваць з намі ўжо небясьпечна, а нахіліць трэба. Занадта незалежнымі сталі...»
  • «Я заўсёды вам казаў: я нікому не дазволю гвалтоўным чынам вырашаць праблемы, якія трэба вырашаць мірна, палітычным шляхам, на падставе нашых законаў. Так будзе заўсёды».
  • Заклікаў не зьвяртаць увагі на тое, што «нам там падпяваюць»: «„Штосьці ня тое робім ... А калі накраў, дык нічога страшнага“. Калі б мы гэтым зладзюгам (якім, не ўдакладніў. — РС) за гады сваёй незалежнасьці крылы не падрэзалі, мы б сёньня пабудавалі алігархічную дзяржаву і стаялі б на каленях».
  • «Не паддавайцеся на хітрыкі трох-чатырох нейкіх шарлятанаў. Яны будуць выкарыстоўваць усё. І акумулятары, і заводы (прэс-служба Лукашэнкі ўдакладняе, што гаворка пра берасьцейскі акумулятарны завод iPower. — РС), І іншае. Трэба — зьнясём дашчэнту гэты ваш „акумулятар“, калі толькі ў ім праблема. Але ня ў ім, я ж гэта разумею. Шукаюць, за што зачапіць, і вас туды павесьці. Памятайце, што гэтага рабіць нельга».
  • «Не напружвайцеся. Нас і так напружылі з гэтым каронапсыхозам. Але самае страшнае для нас, каб пад гэты шумок нас не прыбралі. Вось гэта для нас галоўнае».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заявіў, што «Беларусь падзялілі ў 39-м годзе». А яе тады ўзьядналі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка зноў згадаў «лапці» і «бізун»