Гішпанія зноў адкрыла свае межы для эўрапейскіх турыстаў на фоне паслабленьня карантынных мер на кантынэнце, уведзеных для барацьбы з каранавірусам.
УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
Раней Гішпанія займала трэцяе месца ў сьвеце паводле колькасьці пацьверджаных выпадкаў COVID-19, цяпер яна апусьцілася на сёмае месца. Паводле дадзеных рэсурсавага цэнтру унівэрсытэту Джонза Гопкінза, у краіне зарэгістравана каля 246 тысяч інфікаваных.
Пакуль у Эўропе сытуацыя павольна мяняецца да лепшага, у Бразыліі, Паўднёваафрыканскай рэспубліцы, Індыі і ЗША назіраецца рост колькасьці інфікаваных.
ЗША займаюць першае месца ў сьвеце паводле колькасьці выяўленых інфікаваных — больш за 2,2 мільёна чалавек.
За імі ідуць Бразылія (больш за мільён інфікаваных) і Расея (больш за 576 тысяч).
ЗША таксама лідзіруюць паводле колькасьці памерлых ад COVID-19 (больш за 120 тысяч).
Шэсьць супрацоўнікаў перадвыбарчага штабу прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа заразіліся каранавірусам. Пра гэта было абвешчана ў суботу толькі за некалькі гадзін да перадвыбарчага мітынгу прэзыдэнта ў Талсе, штат Аклахома, — першым падобным мерапрыемстве з пачатку пандэміі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менш за 600 новых выпадкаў за дзень. Афіцыйная статыстыка COVID-19 у Беларусі на 21 чэрвеня
На мітынгу прэзыдэнт патлумачыў такую высокую колькасьць інфікаваных маштабамі тэставаньня.
«Калі вы тэстуеце ў такіх маштабах, то вы знаходзіце больш людзей, больш выпадкаў», — сказаў Трамп. — Так што я сказаў сваім людзям: калі ласка, запавольце тэставаньне. А яны ўсё тэстуюць і тэстуюць «.
Белы дом пазьней даў тлумачэньне слоў прэзыдэнта, падкрэсьліўшы, што гэта быў жарт.
Паўднёвая Карэя ў нядзелю паведаміла пра 48 новых выпадкаў захворваньня каранавірусам, палова зь якіх прыпадае на Сэул. У Кітаі зарэгістравана 25 новых выпадкаў, большасьць зь іх таксама ў сталіцы краіны — Пэкіне. Абедзьве краіны ўвялі строгія меры для стрымліваньня вірусу, але новыя ўспышкі зьявіліся пасьля паслабленьня абмежаваньняў.
Генэральны дырэктар САЗ Тэдрас Адханом Гэбрэезус на днях папярэдзіў аб паскарэньні пандэміі.
«Мы знаходзімся ў новай і небясьпечнай фазе», — сказаў ён.
Кіраўнік САЗ заявіў аб неабходнасьці захаваньня карантынных захадаў для спыненьня распаўсюджваньня вірусу.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ