За няпоўныя суткі ў ініцыятыўную групу па правядзеньні канстытуцыйнага рэфэрэндуму, прапанаванага прэтэндэнтам на пасаду прэзыдэнта Беларусі Віктарам Бабарыкам, запісалася больш за 7500 чалавек.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
Пра гэта паведамляе агенцтва БелаПАН са спасылкай на штаб Бабарыкі.
У штабе адзначаюць, што «падрыхтоўка да рэфэрэндуму не спыняе і не замяняе перадвыбарчую кампанію». «Мы працягваем працу па вылучэньні Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь», — гаворыцца ў паведамленьні штабу.
Відэазварот Віктара Бабарыкі, які зараз утрымліваецца ў СІЗА КДБ, з ініцыятывай правесьці рэфэрэндум па зьмене Канстытуцыі, быў апублікаваны яго штабам увечары 19 чэрвеня.
«Я прапаную правесьці агульнарэспубліканскі рэфэрэндум па зьмене Канстытуцыі і паспрабаваць яе вярнуць, узяўшы за ўзор Канстытуцыю 1994 году, дзе ўжо было прадугледжана і абмежаваньне прэзыдэнцкіх тэрмінаў, і падзел трох галінаў улады, і самае галоўнае — было права народу на вызначэньне свайго лёсу», — сказаў Бабарыка.
«І я абсалютна ўпэўнены, што калі мы за адзін месяц сабралі 400 тысяч подпісаў, то ўжо як-небудзь за два месяцы мы зможам сабраць 450 тысяч людзей, якія гатовыя, незалежна ад таго, хто пераможа 9 жніўня, зрабіць сваю краіну такой, якой яна павінна быць, — краінай, у якой будуць спрэс адсутнічаць хамства, у якой будзе павага адзін да аднаго і, самае галоўнае, будзе павага да народу », — адзначыў прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Віктар Бабарыка хоча вярнуць Канстытуцыю 1994 году. Коратка пра тое, чым яна адрозьніваецца ад сучаснайПаводле яго слоў, для рэалізацыі гэтага пляну трэба зрабіць усяго толькі некалькі простых крокаў: сфармаваць ініцыятыўную групу больш за 100 чалавек; выразна сфармуляваць тыя зьмены, якія павінныя знайсьці адлюстраваньне ў пытаньнях на рэфэрэндуме; сабраць неабходныя 450 тысяч подпісаў.
«Я лічу, што гэтая ініцыятыва самым яскравым чынам пакажа адзінства беларускага народу, яго імкненьне да народаўладзьдзя. Я думаю, незалежна ад таго, хто будзе 9 жніўня абвешчаны пераможцам, да новага году Беларусь будзе з новай Канстытуцыяй», — сказаў на заканчэньне Віктар Бабарыка.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.