Горадня далучылася да ланцуга незалежнасьці ў падтрымку затрыманых падчас прэзыдэнцкай кампаніі 19 чэрвеня. Некалькі сотняў гарадзенцаў сталі поплеч ад Савецкай плошчы праз Стары мост да філярмоніі.
Людзі пачалі станавіцца ў ланцуг побач зь пікетамі для збору подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую і Валера Цапкалу каля 19:00.
Яны рэгулярна пляскалі ў ладкі. Аўтамабілі, што праяжджалі побач з плошчай, сыгналілі прысутным амаль бесьперапынна. Людзі, якія ня ведалі, што адбываецца, пыталіся, што за сьвята сёньня ў горадзе.
Паступова чарга расьцягнулася па-за плошчу. Людзі перайшлі праз дарогу і сталі пад драмтэатрам і далей па ўсім Старым мосьце.
Праз паўгадзіны пасьля пачатку ланцуга салідарнасьці на плошчу выйшлі міліцыянты з гукаўзмацняльнікамі. Яны папярэджвалі, што акцыя незаконная, і прасілі разысьціся. Людзі заставаліся на месцы.
Нацыянальных сьцягоў падчас акцыі было няшмат. Сабраныя хутчэй нагадвалі жыхароў гораду на шпацыры, чым пікетоўцаў.
Ланцуг расьцягнуўся праз увесь Стары мост.
Гарадзенка Ірына прыйшла з катом Рафаэлем, які «таксама беларус», дзеля лепшай будучыні для сваіх дзяцей.
Каля 20:00 на плошчу прышлі 8 супрацоўнікаў АМАП. Яны ішлі нібы сьцяной праз увесь ланцуг і папярэджвалі кожнага, каб тыя сышлі, калі яны не прыйшлі на мітынг.
За амапаўцамі езьдзіў хлопец Эдгар на незвычайным інвалідным вазку. Ягоны самаробны транспарт сьвяціўся, на ім грала музыка. Ён расказаў, што прыйшоў проста пакатацца па плошчы. Хлопец трапіў у аварыю на матацыкле 7 год таму. З таго часу ня ходзіць. Цяпер яму 32 гады.
На ланцуг прыйшоў гарадзенец Андрэй зь белым пацуком. Андрэй паведаміў, што ягоны гадаванец абедзьвюма лапкамі «за ўсіх кандыдатаў, апрача аднаго».
Амапаўцы хадзілі паміж людзей яшчэ каля гадзіны. За гэты час стала вядома пра затрыманьне аднаго чалавека на Савецкай плошчы людзьмі ў цывільным. Гэта адбылося ў час, калі амапаўцы пайшлі ў бок Старога моста, а ўсьлед за імі з плошчы сышлі і журналісты. Чырвоны аўтобус, які ўжо «засьвяціўся» падчас затрыманьня ў Горадні блогера Сяргея Ціханоўскага, стаяў каля Савецкай плошчы недзе да 22:30, а потым зьехаў. У гэты час на плошчы яшчэ заставалася досыць шмат людзей. Яны не мітынгавалі, а проста адпачывалі.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.