«Лукашэнка баіцца зь неверагоднай сілай. Страх такі, што ніякай бравадай не схаваеш. Агрэсіўнасьць, хамства, трызьненьне нездаровага чалавека. І тыя, хто проціпастаўляе сябе гэтай машыне — адладжанай, злоснай і бязьлітаснай — мяне захапляюць». Голас беларускага FM-эфіру Сяргей Кузін, які ў сярэдзіне нулявых зьехаў у Кіеў, пра скочваньне Беларусі ў фэадалізм і дэградацыю любімага «Альфа Радыё».
«Крыху расслабіліся — і атрымалі рэзкі рост інфікаваных»
Сяргей Кузін — бадай, самы пазнавальны голас беларускага FM-вяшчаньня на мяжы 1990-х і нулявых. Пачынаў дыджэем на беларуска-амэрыканскім «Радыё Бі-Эй», у 1999-м стаў адным з заснавальнікаў «Альфа Радыё». Функцыі вядоўцы, праграмнага дырэктара, генэральнага прадусара спалучаў зь вядзеньнем канцэртаў і шоў-праграмаў. Быў ініцыятарам беларускамоўных выпускаў навінаў, першыя сам і агучваў.
Умяшаньне дзяржавы ў справы незалежных мэдыя прысьпешыла рашэньне зьехаць — ад 2004-га Кузін жыве і працуе ва Ўкраіне. Уваходзіць у Раду дырэктараў найбуйнейшага радыёхолдынгу «Тавр Медиа», які аб’ядноўвае «Xіт FM», «Мелодия FM», «Relax», «Radio Jazz», «Радио Рокс», «Kiss FM», «Русское радио Украина», «Наше радио», інтэрнэт-станцыі «Гуляй Радио», «Радио Инди.UA», «Радио Классика». Вядзе з Соняй Сотнік ранішняе шоў «Камтугеза» на «Радыё Рокс».
Як і паўсюль, пандэмія каранавірусу наклала адбітак на прафэсійную дзейнасьць — адладжаны мэханізм давялося на хаду перабудоўваць.
«Холдынг насамрэч вялікі, разрасьліся да васьмі сетак. Пад адным дахам працуе звыш 200 чалавек. Таму спыніліся на мікст-сыстэме з усімі захадамі засьцярогі. Жорсткі масачны рэжым, антысэптыкі — абавязкова. Не карыстаемся грамадзкім транспартам, у нас свае машыны, на эфіры індывідуальны падвоз-развоз. Ранішнія шоў пакінулі на чатырох станцыях, астатнія дыстанцыйна: навіны, крэатыў, падкасты, праграмы. Два тыдні таму выйшаў аддзел маркетынгу. Трэба наганяць, бо продажы, рэкляма рухнулі капітальна. Удар сур’ёзны па эканоміцы».
Хуткае вяртаньне да звыклага графіку Сяргей ставіць пад сумнеў. На фоне карантынных паслабленьняў на публічную актыўнасьць рэзка папаўзла ўверх каранавірусная статыстыка. На момант размовы лічба хворых і памерлых аказалася найбольшая ад пачатку пандэміі.
«Паколькі адпачатку паставілі бар’еры, сытуацыя трымалася ў рамках. Карантын з закрыцьцём аэрапортаў, міжгародняга аўтобуснага і чыгуначнага злучэньня, нават мэтро спынялася. Прыбралі з офісаў лішніх людзей. Некаторыя абмежаваньні засталіся, дзейнічае масачны рэжым. Але запрацавала падземка, адчыніліся молы, выйшаў транспарт. Магчыма, рана расслабіліся. Апошнія дні — рэзкі рост па краіне: звычайна 150-200, потым скачок да 600, і вось ужо маем 921. І самы высокі паказьнік памерлых за ўвесь час пандэміі — 31 чалавек за 17 чэрвеня».
«Зь лічбамі каранавірусу круцяць гэтак жа, як і з выбарамі»
Апошні раз у Менску Сяргей быў у 2018 годзе, калі жаніў сына Яўгена. Летась зьбіраўся наведаць магілу бацькі, але не атрымалася. Сёлета тым больш — зачыніліся межы. Зрэшты, той выпадак, калі разумней узяць паўзу, дадае ён.
«Касьмічнае хамства першага нумару, які ўжо і вірусоляг, перабівае ўсе патугі да цывілізацыі, — характарызуе ён сытуацыю ў „каранавірусным рассадніку“. — Выказваньні за межамі разуменьня. Жрыце тлустае мяса, запівайце гарэлкай — і ў лазьню. Не ўяўляю, як такое ў галаву можа прыйсьці! Прэзыдэнт краіны, дарослы дзядзька, трох дзяцей мае. Ёсьць адчуваньне, што сама па сабе сыстэма аховы здароўя ў Беларусі на добрым узроўні. Таму робяць, што магчыма ва ўмовах тэатру абсурду. Як кажуць, не дзякуючы, а насуперак „галоўнаму лекару“ па краіне».
Нягледзячы на тое, што колькасьцю насельніцтва Ўкраіна амаль у пяць разоў абганяе Беларусь, інфікаваных там істотна меней — 33 тысячы ад пачатку пандэміі. Пры гэтым летальных выпадкаў утрая больш — амаль тысяча. Падстава параўнаць зь беларускімі афіцыйнымі лічбамі: 337 памерлыя на 57 тысяч хворых. Гульні чыноўнікаў, мэдыкі тут ні пры чым, лічыць Сяргей Кузін.
«Ды перакананы: круцяць-муцяць, як і з выбарамі, — не сумняецца ён. — Атрымалі ўстаноўку з адміністрацыі, і цыркаюць, каб без „псіхозу“ — ну якія трупы, калі няма вірусу? Можа памыляюся, але паняцьце „чыноўнік“ у Беларусі не нясе ніякай сэнсавай нагрузкі, толькі функцыя. Проста перадатачныя зьвёны ад вяршыні піраміды астатняй краіне. Нічога зь сябе не ўяўляюць, ня маюць права ні на самастойныя рашэньні, ні на ўласныя думкі. Існуюць, пакуль зьяўляюцца часткай сыстэмы аватару, у якой іх лідэр нешта вярзе».
Некалькі гадоў таму Сяргей перавёз зь Менску ў Кіеў сваю маму Клару Аляксандраўну. У доме сына з аўтаномнай інфраструктурай рызыка зьведзеная да мінімуму, хоць поўнай гарантыі ня дасьць ніхто.
«Днямі на працы зрабілі 32 чалавекам тэсты, я ў іх ліку. У аднаго кіроўцы знайшлі каранавірус, дык адразу вылічылі кола кантактаў, цяпер вось чакаем вынікаў. За сябе ўпэўнены, прынамсі зь мінулага году ні чхаў, ні кашляў, усё ў парадку. У мяне дома маці, двое малых дзяцей, асабліва не пагусарыш. Падабаецца, не падабаецца — выконвай правілы, засьцерагайся. Тым больш, у мамы ўсё ў поўным аб’ёме: і дыябэт, і ціск, усе спадарожныя „пужалкі“. А паколькі жывём пад адным дахам, трэба захоўваць максымальную асьцярожнасьць».
«Калі папярэдзілі, што нахрэн не патрэбны, куды шчэмісься?»
Сяргей Кузін нарадзіўся 20 траўня 1963 году ў нямецкім Потсдаме, дзе і жыў да 14 гадоў. Пасьля школы атрымліваў вайсковую адукацыю ў Менскай вышэйшай інжынэрна-ракетнай вучэльні, журналісцкую — у Львоўскай палітычнай вучэльні, радыйную — у амэрыканскай Вышэйшай радыёшколе ў Сіетле. Прафэсійна працуе на радыё з 1995 году.
У 2004 годзе, пасьля фактычнай манапалізацыі FM-эфіру дзяржавай, зьехаў у Кіеў. Працуе ў Радзе дырэктараў мэдыяхолдынгу «Тавр», які аб’ядноўвае васьмёрку самых папулярных украінскіх радыёстанцый. Акрамя таго, арганізуе і вядзе тэлешоў і канцэрты, грае ў рок-гурце.
У яго двое пасьпяховых дарослых дзяцей ад першага шлюбу — Дар’я і Яўген. А цяпер у пары з касмэтолягам Алінай Шындэр яны гадуюць малодшых — 9-гадовую дачку Арыну і 2-гадовага сына Арцёма. І ніводнага разу не пашкадаваў, што паўтара дзясятка гадоў таму пачаў жыцьцё фактычна з нуля, кажа Сяргей Кузін.
«Я не агітую, бо вялізная колькасьць і слабых месцаў у дзяржаўнай сыстэме, у якой сам жыву. Але я ўжо 10 гадоў грамадзянін Украіны, і не было нават дня, каб пашкадаваў. Пры ўсіх тых часта страшэнна тупых рашэньнях, якія прымаюцца. Гэта я магу сказаць і ў эфіры, і пры сустрэчы з чыноўнікам любога рангу. Хтосьці ўспрыме — „Ну і што?“. А для мяне зусім ня „ну і што“, бо паказьнік свабоды. Магчыма, эмоцыі часта б’юць зь лішкам і перахлёстам, нават хочацца, каб замоўклі, як у Беларусі. Марна, сілком не заткнеш. У гэтым сэнсе можа падаць голас кожны і ў любы бок».
На яго перакананьне, за апошнія гады цывілізацыйныя шляхі Ўкраіны і Беларусі разышліся радыкальна — і пры Лукашэнку разьлічваць на збліжэньне не выпадае.
«Разумею, што дзякуючы агалцелай прапагандзе Ўкраіна для Беларусі зьяўляецца дзяржавай, дзе ўсё ня так — і анархія, і майданы, і карупцыя. Адпаведна, палітыка няправільная, эканоміка правальная, ахова здароўя абы-якая. Але тут немагчыма ўчапіцца за ўладу мёртвай хваткай. Калі два разы папярэдзілі, што ты нахрэн нікому не патрэбны, трэцяга ўжо ня будзе. А ён шосты раз бяз мыла шчэміцца. Перакананы, што раней ці пазьней усё роўна канец настане, бо і Ганчар, і Захаранка, і Завадзкі не даруюць, зямля прызаве. Таму, хлопцы, трымайцеся — усё, што магу пажадаць».
«Цэнтравыбаркамам камандуе жахлівая цётка, агідны пэрсанаж»
Беларусь рыхтуецца да выбараў прэзыдэнта — шостых у сувэрэннай гісторыі. Нязьменным кіраўніком на гэтай пасадзе Аляксандар Лукашэнка, які заявіў, што не зьбіраецца «аддаваць краіну» і гэтым разам. Тым часам ва Ўкраіне кіруе ўжо шосты па ліку прэзыдэнт, а калі ўлічыць паўгадовы тэрмін выканаўцы абавязкаў Аляксандра Турчынава ў пераходны пэрыяд паміж Віктарам Януковічам і Пятром Парашэнкам, то і сёмы.
«Безумоўна, перажываю, — кажа Сяргей Кузін. — Калі жыў у Менску, на жаль, ня ведаў ні Бабарыкі, ні Цапкалы, ні таго хлопца, якога зачынілі — Ціханоўскага. І хоць мне прозьвішчы асабліва нічога ня кажуць — усё роўна хто, абы іншы. Проста на чалавечым узроўні не магу ўспрымаць старога кадра. Нават баюся запытаць знаёмых у Беларусі, як яны ставяцца, каб у кім-небудзь не расчаравацца (сьмяецца). Ва ўсялякім разе, ведаю трох прэтэндэнтаў, ня лічачы маргіналаў, якія яшчэ тады былі — кшталту Гайдукевіча. Там ужо мэдычная тэрміналёгія».
Паводле суразмоўцы, рэпрэсіі ў адносінах да апанэнтаў рэжыму, якія ўжо на этапе збору подпісаў суправаджаюць прэзыдэнцкую кампанію, ва Ўкраіне ўспрымаюцца як абсалютнае цемрашальства.
«Тое, што Лукашэнка баіцца зь неверагоднай сілай, — бясспрэчна. Страх настолькі бачны, што ніякай бравадай не схаваеш. Нічым не прыкрытая агрэсіўнасьць, азлобленасьць. Гістэрыкі пра расстрэлы ва Ўзбэкістане — трызьненьне нездаровага чалавека. Пагрозы жонцы і дзецям Ціханоўскіх — поўны „жасткач“. Пры тым, што ва Ўкраіне майданы і стралялі, гэта ўсё ж іншае. І людзі, якія ў Беларусі проціпастаўляюць сябе гэтай машыне — досыць адладжанай, злоснай і бязьлітаснай, — мяне шчыра захапляюць. Каго магу — абдымаю, каму магу — цісну руку».
Украінцы шчыра ня могуць зразумець, як сталася, што іх радзіма аказалася ў атачэньні дыктатураў, працягвае Кузін. Чвэрць стагодзьдзя таму — на поўначы, неўзабаве абнуліцца тэрмін яшчэ адной аўтакратыі на ўсходзе.
«Як такое магчыма ў эўрапейскай краіне? Разумею, што падобныя мэтады працуюць у фэадальных манархіях кшталту Туркмэніі, Казахстану ці Таджыкістану. А каб пасярод Эўропы пагрозамі размаўляць з апанэнтамі на дэмакратычных выбарах? Трызьненьне. Гэтая цётка жахлівая, якая камандуе выбаркамам, малюе лічбы. Агідны пэрсанаж. Я не палітоляг, мудрагеліста фармуляваць ня ўмею. Але нават дачка кажа: „Я ў шоку!“. Калі што, ёй усяго дзевяць. Нават сыну, якому два з коптурам, хутка стане зразумела, што за клятае месца пад бокам».
«У спрэчцы з ідыётам ня ўздымеце яго да свайго ўзроўню»
Паводле Сяргея Кузіна, інтарэс да Беларусі ва Ўкраіне значны. Таму гледачоў, слухачоў, чытачоў пастаянна трымаюць у курсе.
А вось дома «кандыдат улады» мусіць разьлічваць на ўласныя сілы — нават рэдкія саюзьнікі не даюць яму трыбуну. Адным з рупараў, які заўзята «топіць» за Лукашэнку, стала дзецішча Кузіна — «Альфа Радыё». Да непазнавальнасьці «аптымізаванае», цяпер яно ў структуры «Издательский дом „Беларусь сегодня“». Фактычным гаспадаром — прэзыдэнцкая адміністрацыя.
Нездарма тут як рыба ў вадзе «залатое пяро» дзяржаўнай ідэалёгіі — Андрэй Мукавозчык. Сёлета стаў нават двойчы героем. Спачатку абвесьцілі пераможцам конкурсу праўладнага Беларускага саюзу журналістаў у намінацыі «Лепшы аўтарскі праект у інтэрнэце і сацыяльных сетках». Сьледам здарыўся трыюмф у конкурсе «Золотая литера», які арганізуе Міністэрства інфармацыі. На просьбу Свабоды Сяргей Кузін паслухаў пару выпускаў ад таго, каму «накіпела».
«Церазь сілу паслухаў. „Накипело“ ў яго... Я Мукавозчыка знаў, калі ён быў яшчэ „вясёлым і знаходлівым“, кіраваў мясцовым КВЗ. Сядзелі ў журы, кантактавалі. І апошняе, што мог уявіць, што ён стане прапагандыстам, „аналітыкам“. Не хачу казаць пра саму станцыю, гэта пазбаўлена ўсялякага сэнсу. Вельмі сумны фінал. Хоць яны, відаць, лічаць гэта фэнамэнальным посьпехам. Абмяркоўваць, што ён вяшчае, — зваліцца на ягоны ўзровень дыскусіі. Не лічу гэта магчымым. У спрэчцы з ідыётам вы не ўздымаеце яго да свайго ўзроўню, а самі апускаецеся».
Сяргей Кузін дадае, што працэсы, якія адбываюцца ў Беларусі, для ўкраінскіх калег выглядаюць няйначай як анамалія. Ён ужо і сам падзабыўся, што беларускім FM-станцыям забаронена карыстацца іншай крыніцай інфармацыі, апроч афіцыйнага агенцтва БелТА. Тады для чаго ў кожнай рэдакцыі службы навінаў? — задаецца ён рытарычным пытаньнем.
«Нейкіх рэчаў ужо не разумею, проста вылецеў з гэтай сытуацыі — усё ж 16 гадоў як зьехаў. Ну як можна карыстацца адным агенцтвам? Параўноўваць з чым? Тут таксама ня белыя і пухнатыя, СМІ зараджаныя, алігархічныя, не раблю выгляду, што нейкія цнатлівыя невідзімкі. Але крыніцы розныя! Адна станцыя гаворыць пра гэта, іншая пра тое. Як і тэлеканалы, газэты, парталы: канкуруюць, мочаць, гасяць. Калі ёсьць жаданьне сумнявацца, зразумееш, дзе сабака парыўся. А як вычышчана, выхалашчана, выпалена — дзе аб’ектыўнасьць? Затое з аналітыкам году!»
За гэты час Сяргей Кузін вывучыў украінскую мову, ня мае праблемаў з камунікацыяй. Па-ўкраінску вучыцца ў школе дачка. Усё без ратавальнай «адмазкі» пра «двуязычие», якім звыкла прыкрываюцца ў Беларусі. І ўзгадвае, як на пачатку 2000-х спрабаваў беларусізаваць «Альфа Радыё».
«У сэнсе галоваў, крэатыву ў Беларусі быў і ёсьць поўны парадак, — згадвае ён пра свой беларускі пэрыяд. — Пытаньне толькі ў тым, што не даюць разгарнуцца, вось і ўсё. На сабе праверана, асабіста. Якім выцьцём суправаджалася, калі мы першыя сярод іншых станцый пачалі а 16-й гадзіне даваць навіны на беларускай мове. Раз на дзень! Што ўсчалося! Гістэрыка ў Міністэрстве інфармацыі. Выклікаў намесьнік на дыван, адчытваў. За што? За родную мову! Няўжо нешта падобнае можна ўявіць ва Ўкраіне?».
«Канцэртная дзейнасьць накрылася, зьбіраем ратавальны фонд»
Акрамя радыйных і адміністратарскіх абавязкаў, ва Ўкраіне Сяргей дэбютаваў і як рок-музыка. «Вэтэранскі» гурт з напаўжартаўлівай назвай «Прастрэлы ў сьпіне» актыўна канцэртуе, грае на карпаратывах, выяжджае на Данбас, выступаючы перад украінскімі вайскоўцамі і тамтэйшымі жыхарамі. Выйшла некалькі альбомаў, падчас супольных канцэртаў гучаць і песьні па-беларуску. Зрэшты, цяпер дзейнасьць на паўзе.
«Адзін карпаратыў за гэты час напаўпадпольна зайгралі, а так — стаім на прыколе. Восем выступаў зьнята. Дык у мяне гэта забава, ня бізнэс. У сур’ёзных хлопцаў накрыліся цэлыя туры — па 50-60 канцэртаў, у некаторых камандаў нават пад сотню. Таму сядзім, „ратавальныя фонды“ зьбіраем. Ня столькі для артыстаў, у іх усё ж нейкая падушка бясьпекі ёсьць. Для стафу, тэхнікаў, гукачоў, сьветлавікоў. Са мной у тур чалавек 20 катаецца. А ўзяць, напрыклад, Дзімку Манаціка, дык у ягонай камандзе 42 спэцы. І ўсе цяпер на „падсосе“. У гэтым сэнсе, канечне, бяда».
Яшчэ адно ягонае захапленьне — матацыклы. Байкерскую справу асвоіў ужо ў салідным веку, таму стараецца накатацца за ўсе гады, змарнаваныя на чатырох колах.
«Выяжджаем сваёй тусоўкай, калёнамі ўжо ня ходзім. Прынамсі на час абмежаваньняў. Утрох, учатырох сталі — і наперад. Перастаў езьдзіць матацыклам на працу, бо ў другой палове дня дзікія заторы. Задзяўбаўся ціскацца між аўто, люстэркі складваць, кіроўцы сварацца. Таму ў будні на машыне, а ў выходныя — так, катаемся. З майго боку добрыя мясьціны, на мапе забілі які-небудзь летні рэстаран па трасе — і ў два, тры, чатыры байкі пагналі. Катнулі сотку км, пасядзелі, шашлыкоў пажавалі, і дадому. У Адэсу пару разоў скаталіся. Такія вось забавы».
Па выніках прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году, якія скончыліся менскай Плошчай, сотнямі затрыманых і дзясяткамі палітзьняволеных, Сяргей Кузін напісаў песьню «Закладнікі зімы». Сёлетнія падзеі ў Беларусі паказваюць, што абмежавацца адной кампазыцыяй наўрад ці ўдасца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кузін: Калі пачалі рабіць навіны па-беларуску, у Мінінфарме на нас глядзелі, як на ідыётаў