Якія вынікі візыту міністра замежных спраў РФ Сяргея Лаўрова ў Беларусь? Каго падтрымлівае Крэмль на беларускіх выбарах? Ці чакаюць у Маскве паглыбленьня інтэграцыі? У каго ЗША інвэстуюць у Беларусі? Калі скажа сваё слова беларускі народ?
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
Абмяркоўваюць палітычны аглядальнік тэлеканалу «Настоящее время» Цімур Алеўскі і аглядальнікі Свабоды Юры Дракахруст і Сяргей Навумчык.
Сьцісла
Дракахруст:
- Думаю, што сэнс сустрэчы Лукашэнкі і Лаўрова быў ня толькі ў падпісаньні пагадненьня аб узаемным прызнаньні візаў. Лукашэнка размаўляў праз тэлефон з Пуціным, і калі Лаўроў прыехаў у Менск, дык Лукашэнка яму сказаў: «Я вам перадаю прывітаньне ад Уладзіміра Ўладзіміравіча».
- Пяскоў заявіў, што ў нас (у Крамля) няма свайго кандыдата, і гэта ў тым ліку і адказ на абвінавачваньні Менску, што «змова», «рускія ідуць» і гэтак далей.
- Зусім магчыма, візыт — сыгнал таго, што «Вялікі брат сочыць за вамі ўвесь час».
- Гісторыя пішацца з посьпехаў, а пра няпосьпех забываюць. Было шмат выступаў, якія не далі выніку.
Алеўскі:
- Я думаю, што візыт Лаўрова ўсё ж зьвязаны з арыштам Віктара Бабарыкі. Лукашэнка, магчыма, пажадаў высьветліць, чаму чалавек, які асацыяваўся з Масквой, дазволіў сабе перабегчы яму, Лукашэнку, дарогу? А магчыма, Крэмль, наадварот, разумее, што гэта чалавек, які дзейнічае бязь зьвязкі з Крамлём, і Пуцін накіраваў туды чалавека, каб пераканаць, што Лукашэнку нічога не пагражае.
- У Пуціна можа ня быць свайго кандыдата, але гэта ня значыць, што ён супраць таго, каб нехта іншы ў Расеі прывёў у Менск свайго кандыдата. Зусім магчыма, Бабарыка атрымаў нейкія гарантыі ад «Газпрому», але гэта справы Бабарыкі і «Газпрому».
- Беларусь разьмясьціла эўрабонды на 1 мільярд 250 мільёнаў даляраў, а набылі іх па цане больш як чатыры мільярды. І глядзім, хто набыў, хто паверыў Лукашэнку. ЗША набылі 54% эўрабондаў пяцігадовых, а дзесяцігадовых — ЗША набылі 70%. ЗША гатовыя ўкласьці ў палітычную будучыню Лукашэнкі вялікія грошы. Чаму? Усе жадаюць зафіксаваць сытуацыю, перачакаць да таго моманту, калі Захаду зноў будзе справа да Лукашэнкі.
- Тое самае тычыцца і Расеі. Масква ня хоча, каб у Беларусі прыйшоў праэўрапейскі лідэр і адарваў краіну ад Расеі, але ў Расеі цяпер няма грошай, каб трымаць Беларусь. Таму выглядае, што цяпер Лукашэнка і Захад, і Расею задавальняе.
- Тое, што цяпер я бачу на вуліцах Менску, даказвае, што людзі гатовыя выказаць нязгоду з тым, што назіраецца больш як 25 гадоў. Людзі выйшлі па правілах Аляксандра Лукашэнкі пратэставаць супраць Лукашэнкі. Людзі ставяць свае подпісы (па правілах), і калі Бабарыку ня пусьцяць на выбары ці скрадуць галасы — вось тады яны могуць зрабіць дзеяньне, якога ў сучаснай гісторыі Беларусі ніхто не рабіў.
- Тэктанічныя зьмены тады здарацца, калі члены выбарчай камісіі, якія павінны фальсыфікаваць выбары, стануць на бок апанэнтаў Лукашэнкі. І дашлюць у ЦВК такія пратаколы, што Ярмошына нічога ня здолее зрабіць.
Навумчык:
- Ня будзем забывацца, што сядзяць ня толькі Бабарыка, але і Севярынец, і Статкевіч, і іншыя. Думаю, што Лукашэнка патлумачыў Лаўрову прыблізна тое, што ўчора кіраўнік кантрольнага ведамства тлумачыў замежным дыпляматам. Але тут той выпадак, калі важна ня толькі тое, што прагучала, але і што не прагучала. У афіцыйных паведамленьнях аб сустрэчы пра сытуацыю зь «Белгазпрамбанкам» не было сказана ні слова. І гэта паказчык стаўленьня Крамля. Мелі рацыю тыя, хто казаў, што для Лукашэнкі гэта ня будзе мець моцных адмоўных наступстваў з боку Масквы.
- Я пагаварыў зь людзьмі ў Віцебску, усім задаваў адно пытаньне — ці ёсьць у вас знаёмыя, якія за Лукашэнку? Ніхто не сказаў, што мае такіх знаёмых. І гэта былі звычайныя людзі, ніякія не палітычныя актывісты.
- Лукашэнка скарыстоўвае сваё службовае становішча ў выбарчай кампаніі на 300%.
- Расея можа адкласьці з эканамічных ды ўнутрыпалітычных прычын на нейкі час намер паглынаньня Беларусі, але стратэгічна ад такога пляну, на мой погляд, яна не адмовіцца.
-
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.