19 чэрвеня Беларусь і Расея заключылі міжурадавае пагадненьне аб узаемным прызнаньні візаў і ў іншых пытаньнях уезду замежнікаў і асобаў без грамадзянства на тэрыторыі дзяржаваў — удзельніц дамовы аб стварэньні «саюзнай дзяржавы», паведамляе БЕЛТА.
Подпісы пад дакумэнтам пасьля перамоваў у Менску паставілі міністры замежных спраў Уладзімер Макей і Сяргей Лаўроў.
Пагадненьне прадугледжвае права замежнікаў уяжджаць, выяжджаць, знаходзіцца, ехаць транзытам па тэрыторыі Беларусі і Расеі на падставе візы адной з краінаў і дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць асобу. Пры гэтым замежнікі могуць карыстацца самалётамі, чыгункай, а таксама 6 аўтамабільнымі дарогамі, якія вызначаныя ў дадатку да пагадненьня.
Як адзначыў кіраўнік МЗС Сяргей Лаўроў, пагадненьне «будзе мець вельмі пазытыўнае значэньне для грамадзян трэціх краін, якія наведваюць Расею і Беларусь, прадстаўнікоў бізнэсу, дыпляматаў, адначасова акрэдытаваных у Маскве і Менску.
«Думаю, што гэта будзе вельмі добра ўспрынята і на справе будзе працягваць наша сумеснае будаўніцтва Саюзнай дзяржавы», — падкрэсьліў Лаўроў.