Міжнародны рэйтынг «Белгазпрамбанку» можа быць паніжаны

Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Fitch паставіла рэйтынгі «Белгазпрамбанку» ў сьпіс на перагляд з магчымасьцю паніжэньня.

Падставай для перагляду стала ўвядзеньне Нацбанкам Беларусі часовай адміністрацыі ў банку.

Нацбанк Беларусі ўвёў з 15 чэрвеня часовую адміністрацыю ў «Белгазпрамбанку», які раней узначальваў Віктар Бабарыка. Паўнамоцтвы праўленьня «Белгазпрамбанку» на пэрыяд дзеяньня часовай адміністрацыі па кіраваньні банкам прыпыненыя. Часовай адміністрацыяй кіруе Надзея Ермакова, якая ў 2011–2014 гадах была старшынёй Нацбанку Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сусьветны банк: Беларусь чакае найгоршы эканамічны спад за чвэрць стагодзьдзя

Нацбанк увёў часовую адміністрацыю, спасылаючыся на шэраг крымінальных спраў, якія на мінулым тыдні былі распачатыя фінансавай міліцыяй у дачыненьні да службовых асобаў, у тым ліку членаў праўленьня «Белгазпрамбанку».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрыманьне Бабарыкі: чаму Лукашэнка перадумаў

«Газпром» ахарактарызаваў дзеяньні Менску ў дачыненьні да кіраўніцтва «Белгазпрамбанку» як незаконныя і заклікаў Нацыянальны банк Беларусі (НББ) да кансультацыяў.

Fitch не выключае нэгатыўных наступстваў для банку праз гэтую сытуацыю. Раней рэйтынг «Белгазпрамбанку» ацэньваўся як стабільны.