ЗША скарацілі прысутнасьць у Афганістане да ўзроўню, узгодненага ў лютаўскім пагадненьні з талібамі, заявіў 18 чэрвеня кіраўнік камандаваньня Ўзброеных сілаў ЗША ў рэгіёне генэрал Кенэт Маккензі.
Лютаўскае пагадненьне прадугледжвае вывад амэрыканскіх войскаў і мае пракласьці шлях да мірных перамоваў паміж талібамі і ўрадам у Кабуле.
У адпаведнасьці з пагадненьнем ЗША пагадзіліся скараціць свае сілы ў Афганістане з 12000 да 8600 да сярэдзіны ліпеня. Калі рэшта пагадненьня будзе выканана, усе амэрыканскія і іншыя замежныя войскі пакінуць Афганістан да сярэдзіны 2021 году.
Маккензі адзначыў, што поўны вывад войскаў ЗША залежыць ад выкананьня талібамі сваіх абавязаньняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША і талібы падпісалі ў Досе пагадненьне аб замірэньніКлючавы момант пагадненьня палягае ў тым, што талібы мусяць разарваць усе сувязі з экстрэмісцкімі групоўкамі, такімі як «Аль-Каіда» і «Ісламская дзяржава», якія могуць учыняць напады на ЗША ды іхных хаўрусьнікаў. Маккензі адзначыў, што талібы ўжо разрываюць сувязі з «Ісламскаю дзяржаваю».
Арганізацыя Аб'яднаных Нацыяў 1 чэрвеня заявіла, што талібы па-ранейшаму падтрымліваюць шчыльную сувязь з тэрарыстычнай сеткай «Аль-Каіда».
«Адносіны паміж талібамі, асабліва паміж сеткай Хакані і «Аль-Каідаю», застаюцца блізкімі, заснаванымі на сяброўстве, гісторыі агульнай барацьбы, ідэалягічнай сымпатыі і зьмешаных шлюбах», – паведамляюць незалежныя назіральнікі ААН.
У паведамленьні ААН таксама гаворыцца, што талібы «рэгулярна кансультаваліся» з «Аль-Каідай» падчас перамоваў з Злучанымі Штатамі і «прапанавалі гарантыі таго, што яны будуць прытрымлівацца гістарычна наладжаных сувязяў паміж імі».
Спэцыяльны пасланьнік ЗША ў Афганістане Залмай Халілзад заявіў, што даклад ААН у асноўным ахоплівае пэрыяд да лютаўскага пагадненьня з талібамі.
Баевікі «Талібану» кантралююць каля паловы Афганістану і пасьля падпісаньня пагадненьня паміж Злучанымі Штатамі і «Талібанам» працягваюць учыняць напады.
Урад у Кабуле заявіў, што апошнімі тыднямі ўва ўсёй краіне былі забітыя або параненыя каля 422 афганскіх вайскоўцаў у выніку прынамсі 220 нападаў з боку талібаў.
Баевікі групоўкі «Ісламская дзяржава» таксама ўчынілі шэраг гучных нападаў, у выніку якіх загінулі дзясяткі людзей.