Амэрыканскі кансэрватыўны часопіс The National Interest апублікаваў артыкул прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна пра Другую ўсясьветную вайну. Ён называецца «Сапраўдныя ўрокі 75-гадовай гадавіны Другой усясьветнай вайны».
Пуцін разважае аб прычынах узьнікненьня вайны і яе ўплыве на сучасную гісторыю, аб ролях розных краін у ёй і аб пакце Молатава — Рыбэнтропа.
Кажучы аб прычынах вайны, Пуцін нагадвае пра Вэрсальскую мірную дамову 1919 году, пасьля якой Нямеччына, на думку расейскага прэзыдэнта, пачулася зьняважанаю. Адной з ключавых падзеяў, якія прывялі да вайны, Пуцін лічыць Мюнхэнскае пагадненьне 1938 году, паводле якога Чэхаславаччына мусіла перадаць нацысцкай Нямеччыне памежныя абшары. Менавіта пасьля гэтага пагадненьня, заключанага Францыяй, Вялікай Брытаніяй, Нямеччынай і Італіяй, Савецкі Саюз, на думку Пуціна, зразумеў, што на Захад у пытаньнях бясьпекі спадзявацца нельга. Пуцін таксама выказаў абвінавачаньні на адрас Польшчы, якая ў 1938 годзе таксама анэксавала частку тэрыторыі Чэхаславаччыны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: «Сталіну трэба паставіць помнік у Беларусі за пакт Молатава — Рыбэнтропа»Закранаючы пытаньне аб так званым пакце Молатава — Рыбэнтропа, Пуцін нагадвае, што ён быў асуджаны Вярхоўным Саветам СССР як адна з праяваў самаўладзтва Ёсіфа Сталіна. Пры гэты Пуцін лічыць, што пакт быў вымушаным рашэньнем для гарантаваньня бясьпекі СССР. Таксама, на думку прэзыдэнта Расеі, савецкія ўлады «ня мелі альтэрнатывы» вайсковаму ўварваньню ў Польшчу 17 верасьня 1939 году.
Пуцін апраўдвае савецкую акупацыю і анэксію краін Балтыі. На думку расейскага прэзыдэнта, СССР перасьледаваў «стратэгічныя вайсковыя абарончыя мэты», а ўваходжаньне Літвы, Латвіі і Эстоніі ў СССР было зьдзейсьнена на дагаворнай аснове, «са згоды абраных уладаў» і «адпавядала тагачаснаму міжнароднаму праву».
Як Польшча, так і краіны Балтыі раней ня раз адкідалі падобнае трактаваньне гісторыі і паказвалі на тое, што ў дачыненьні да іх СССР адыграў ролю агрэсара. У рэзалюцыі Эўрапарлямэнту, прынятай летась да гадавіны пачатку вайны, таксама сьцьвярджалася, што адказнасьць за яе разьвязаньне нясуць як Нямеччына, так і СССР. Гэтую рэзалюцыю Пуцін у артыкуле крытыкуе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заявіў, што «Беларусь падзялілі ў 39-м годзе». А яе тады ўзьядналіЗША і большасьць краін Захаду і ў часы СССР не прызнавалі анэксіі краін Балтыі.
Пуцін выступае ў абарону так званай Ялцінскай сыстэмы і лічыць, што лідэры СССР, ЗША і Вялікай Брытаніі на канфэрэнцыях падчас Другой усясьветнай вайны і пасьля яе заканчэньня «змаглі прыйсьці да пагадненьня і дасягнуць рашэньняў, якія прынесьлі карысьць усяму чалавецтву».
Ня кажучы пра гэта адкрыта, Пуцін фактычна праводзіць паралелі паміж Ялцінскай канфэрэнцыяй і ўласнаю прапановаю правесьці сустрэчу лідэраў пяці ядзерных дзяржаваў — Расеі, ЗША, Вялікай Брытаніі, Францыі і Кітаю. Як піша расейскі прэзыдэнт, такая сустрэча можа прадэманстраваць «агульную прыхільнасьць духу саюзьніцтва, высокім гуманістычным ідэалам і каштоўнасьцям, за якія нашыя бацькі і дзяды ваявалі плячо ў плячо».
Часопіс National Interest выдае Цэнтар нацыянальных інтарэсаў, якім кіруе савецкі эмігрант у ЗША Дзьмітры Саймс. У апошнія гады Саймс стаў частым госьцем палітычных ток-шоў на фэдэральных тэлеканалах Расеі. Амэрыканскі спэцыяльны пракурор Робэрт Мюлер у сваім дакладзе аб умяшаньні Расеі ў выбары ў ЗША згадвае імя Саймса больш за 100 разоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Топ-10 фальсыфікацыяў гісторыі вайны ў беларускіх падручніках і афіцыйных СМІ