Патэнцыйнага кандыдата на прэзыдэнта Беларусі Віктара Бабарыку затрымалі 18 чэрвеня за спробу ўплыву на сьведак і хаваньне доказаў злачынства. Пра гэта паведаміў старшыня Камітэту дзяржаўнага кантролю Іван Тэртэль у эфіры тэлеканалу «Беларусь 1».
«Бабарыку затрымалі праз тое, што ён зьяўляўся непасрэдным арганізатарам супрацьпраўнай дзейнасьці, спрабаваў узьдзейнічаць на сьведак, схаваць сьляды раней зьдзейсьненых злачынстваў, і літаральна днямі Бабарыка спрабаваў зьняць буйную суму грошай з падкантрольных яму рахункаў», — сказаў Тэртэль.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адвакаты Бабарыкаў паскардзіліся ў Генэральную пракуратуру. ВІДЭАПаводле Тэртэля, КДК вядзе працу па двух кірунках. Адзін зь іх – махінацыі з вэксалямі на суму звыш 60 мільёнаў даляраў.
Паводле словаў Тэртэля, адна са структураў, якія ўдзельнічалі ў гэтым, — латвійскі банк ABLV.
«Паводле дадзеных, якія мы атрымалі ад нашых латвійскіх калегаў, за некалькі гадоў у інтарэсах гэтага банку на яго рахункі з рахункаў „Белгазпрамбанку“ было выведзена звыш 430 мільёнаў даляраў ЗША», — сказаў старшыня КДК. Ён выказаў падзяку праваахоўным органам Латвіі, якія апэратыўна адгукнуліся на запыты, выявілі на рахунках ABLV-банку грошы, якія належалі дзеным супрацоўнікам «Белгазпрамбанку», у тым ліку намесьніку начальніка юрыдычнай управы Шэўчуку. Ён выконваў непасрэдныя ўказаньні Бабарыкі, адкрываў юрыдычныя асобы ў афшорах і суправаджаў іх дзейнасьць, піша БелТА.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Камітэце дзяржкантролю і міліцыі не камэнтуюць сытуацыю з допытам Бабарык і ператрусамі ў іхТэртэль дадаў, што задакумэнтаваныя «шматлікія факты» атрыманьня хабару службовымі асобамі банку за даваньне крэдытаў прадпрымальнікам «з дрэннай крэдытнай гісторыяй».
«Усталявана таксама датычнасьць шэрагу службовых асоб да арганізацыі схемаў, зьвязаных з фактычным прымусам грамадзян да атрыманьня крэдытаў на сваё імя з далейшай перадачай ім грашовых сродкаў і забесьпячэньнем гэтымі сродкамі грамадзян за адсоткі», — сказаў Тэртэль.
«Крадзеж, махлярства, атрыманьне і даваньне хабару, легалізацыя злачынных даходаў — усяго па крымінальных справах затрымалі каля 20 чалавек, практычна ўсе яны супрацоўнічаюць са сьледзтвам і даюць прызнальныя пакараньні ў дачыненьні да Бабарыкі як арганізатара злачыннай схемы», — сказалі ў эфіры тэлеканалу «Беларусь 1».
«Бабарыка затрыманы ў сувязі з тым, што быў непасрэдным арганізатарам і кіраўніком супрацьпраўнай дзейнасьці, намагаўся ўплываць на паказаньні сьведак, рабіў спробы хаваньня сьлядоў учыненых злачынстваў і літаральна на днях зьняў буйную суму грошай з падкантрольных яму рахункаў», перадае словы Тэртэля БелТА.
Іван Тэртэль таксама сказаў, што грошы, якія знайшлі ў затрыманых і якія Бабарыка назваў сваімі, «былі незаконна выведзены зь Беларусі паводле сыстэмы афшораў, потым разьмеркаваныя паміж удзельнікамі супрацьпраўнай дзейнасьці ў адпаведнасьці з раней агаворанымі працэнтамі».
«Уяўляецца, што Бабарыка намагаецца пагуляць у высакароднасьць. Мы ў сваю чаргу ведаем, што лялькаводы, якія стаяць за ягонай дзейнасьцю, апасаюцца, што нашыя дзеяньні прывядуць да атрыманьня зьвестак і пацьвярджэньня іх датычнасьці да гэтай супрацьпраўнай дзейнасьці. Такімі асобамі ёсьць, мы ведаем, вялікія начальнікі ў «Газпроме», а, можа быць, і вышэй», — дадаў Тэртэль.
КДК заявіў, што адправіў запыты пра аказаньне садзейнічаньня ў 18 дзяржаў. Асаблівы разьлік на садзейнічаньне ЗША, таму што Злучаныя Штаты маюць магчымасьць кантролю за плынямі разьлікаў у далярах ЗША праз сыстэму SWIFT.
Паводле караўніка КДК, справа «Белгазпрамбанку» не зьвязаная выбарамі.
«Дадзеныя падзеі паміж сабой ніяк не зьвязаныя. Камітэт дзяржаўнага кантролю дзейнічае ў строгай адпаведнасьці з заканадаўствам, а таксама выконвае абавязкі Беларусі перад усясьветнай супольнасьцю па супрацьдзеяньні адмываньню грошай, атрыманых незаконным шляхам», — адзначыў Тэртэль.
Затрыманьне і ператрус у доме Бабарыкаў
Зьвесткі пра ператрус у доме патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі зьявіліся днём 18 чэрвеня. Ці знаходзіцца дома падчас ператрусу ўласьнік будынка, у ягоным штабе ня ведаюць, але сам факт ператрусу пацьвердзілі. Неафіцыйна вядома, што Віктар і Эдуард Бабарыкі тым часам знаходзяцца на допыце ў Дэпартамэнце фінансавых расьсьледаваньняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У дамах сям'і Бабарыкаў праходзіць ператрус, самога Віктара Бабарыку і ягонага сына дапытваюць. ФОТА, ВІДЭАМясцовыя жыхары кажуць Свабодзе, што яшчэ гадзіну таму было шмат машын каля дому Бабарыкі: два мікрааўтобусы і ня менш за 5 легкавікоў. У аднаго зь мікрааўтобусаў адкруцілі нумары на вачах карэспандэнта Свабоды.
Дзяржаўнае «Агенцтва тэлевізійных навінаў» паведамляла, што Бабарыкі «даюць паказаньні». Адвакатаў да іх не пускаюць, бо ў будынку нібыта «ідуць вучэньні». Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка і яго сын Эдуард, кіраўнік ягонай ініцыятыўнай групы, перасталі выходзіць на сувязь раніцай 18 чэрвеня.
Днём раней быў арыштаваны выбарчы фонд Бабарыкі з 100 тысячамі рублёў на рахунку. Афіцыйных тлумачэньняў штабу кандыдата тады не далі.
У той дзень Бабарыка расказаў, што ў «справе „Белгазпрамбанку“», якім ён кіраваў 20 гадоў, затрымалі два дзясяткі чалавек. Таксама ў межах справы сканфіскавалі мастацкую калекцыю банку. Арыштавалі і каардынатарку штабу Бабарыкі, але ў межах якой справы, невядома.
Бабарыка ацэньвае «справу „Белгазпрамбанку“» як атаку асабіста на яго, хоць сам у справе не фігуруе: ён згадвае пра загад Лукашэнкі «прашарсьціць гэтых пузатых буржуяў».
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.