Вядома пра затрыманьне 15 чалавек, якія працуюць альбо працавалі ў «Белгазпрамбанку», а таксама ў блізкіх да яго структурах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Справа «Белгазпрамбанку». Хто затрыманы і што вядома на сёньня?11 чэрвеня стала вядома пра ператрусы ў галоўным офісе «Белгазпрамбанку», які да нядаўняга часу ўзначальваў патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. У той жа дзень затрымалі 15 чалавек. Некаторыя зь іх на момант затрыманьня былі дзейнымі супрацоўнікамі банку, а таксама ўваходзілі ў ініцыятыўную групу Віктара Бабарыкі.
«Брат мне пазваніў раніцай, каля 10 гадзіны, — расказвае Ўладзімер Жардзецкі. — Сказаў, што яму патрэбны ключ ад кватэры. Я спытаўся, што зь ягоным ключом. Ён адказаў, што потым растлумачыць.
Я выйшаў да пад’езду, убачыў брата. Побач былі і іншыя людзі. Падумаў, што ён з работнікамі банку разам, там яшчэ быў аўтамабіль, мікрааўтобус. Зь цёмнымі шыбамі і чамусьці без нумароў. Даў яму ключ, і толькі тады даведаўся, што разам зь ім супрацоўнікі фінансавай міліцыі. Больш яму нічога не далі расказаць, запхнулі ў аўтамабіль і зьехалі».