Амэрыканская карпарацыя PepsiCo прыняла рашэньне адмовіцца ад прадуктовага брэнду Aunt Jemima («Цётка Джэмайма»), які існаваў з 1899 году, з прычыны расавых стэрэатыпаў, якія зь ім асацыююцца ў часткі насельніцтва.
Рашэньне было прынятае на фоне пратэстаў пад лёзунгам «Жыцьці чарнаскурых маюць значэньне» пасьля гібелі ад рук паліцыі афраамэрыканца Джорджа Флойда.
Вырашана адмовіцца як ад самога брэнду, пад якім прадавалася папулярныя сумесь і сыропы для гатаваньня бліноў, гэтак і ад яго візуалізацыі — выявы чорнаскурай жанчыны сталага веку.
Назва брэнду паходзіла ад папулярных куплетаў «Старая цётка Джэмайма», складзеных у 1875 годзе. Іх пэрсанаж — немаладая і лагодная чорнаскурая служанка. У кампаніі прызналі, што імідж «цёткі Джэмаймы» заснаваны на расавых забабонах. Як цяпер будзе называцца сумесь для бліноў і сыроп — пакуль не вырашана.
Таксама ў PepsiCo паведамілі, што падумаюць пра рэбрэндынг гандлёвай маркі Uncle Benʼs, пад якой прадаецца рыс у пакеціках. У адрозьненьне ад «цёткі Джэмаймы», брэнд Uncle Benʼs («Дзядзька Бэн») добра вядомы ў Беларусі з 1990-х гадоў. «Твар» гэтага брэнду — афраамэрыканец сталага веку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сэрвіс HBO зьняў з адкрытага доступу фільм «Зьнесеныя ветрам» за «расавыя забабоны»